Урачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў распачаліся святой Імшой з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі. Гэты сакрамэнт хрысціянскай сталасці прынялі таксама вернікі з іншых парафій Віцебскай дыяцэзіі.
На пачатку святой Імшы прысутных пілігрымаў і гасцей прывіталі пробашч парафіі кс. Станіслаў Мжыглуд SDS і біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Варта адзначыць, што ўпершыню наш санктуарый наведаў Генеральны настаяцель сальватарыянаў кс. Мільтон Зонта SDS родам з Бразіліі. 
 
Святую Імшу цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. У гаміліі біскуп прапанаваў кандыдатам да бежмавання і ўсім прысутным вернікам паразважаць над роллю Духа Святога ў жыцці хрысціяніна. 
«Дзеянне Духа Святога моцнае, прысутнае ў Касцёле, але гэта вялікая таямніца», ‒ адзначыў біскуп.
 
«Сёння мы таксама патрабуем моцы Духа Святога. Сёння мы пакліканы, каб быць сведкамі веры. Мы прынялі сакрамэнт хросту, праз які былі далучаны да супольнасці хрысціянаў. Але хрост ‒ гэта не толькі ласка, дар, але і адказнасць, пакліканне быць апосталам, быць сведкам Езуса Хрыста. (…). Калі мы даручымся Духу Святому Ён будзе сам прамаўляць праз нашыя вусны і ўчынкі. (…) Сёння, калі вы прымаеце гэты асаблівы дар Духа Святога, вашым заданнем таксама з'яўляюцца словы, якія прагучалі з вуснаў Езуса Хрыста да апосталаў: ідзіце і прапаведуйце Евангелле ўсяму стварэнню», ‒ заахвоціў іерарх.  
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч