Урачыстасць Маці Божай Валадаркі Азёраў ‒ гэта вельмі прыгожае свята нашай парафіі і ўсёй Віцебскай дыяцэзіі. Мы, браслаўчане, з радасцю сустракаем гасцей і пілігрымаў і з вялікім жаданнем прыходзім да абраза Маці Божай, якая апякуецца кожным сваім дзіцём.
У гэтым годзе ўрачыстасці былі звязаны з 10-й гадавінай каранацыі абраза папскімі каронамі і 20-годдзем утварэння Віцебскай дыяцэзіі. У пятніцу прыбылі пешыя і велапілігрымкі, вернікі дыяцэзіі прынялі сакрамэнт бежмавання. Распачалося начное чуванне ў малітве, у якім была і маўклівая адарацыя, і гучны канцэрт ад моладзі, і душэўны канцэрт арганнай музыкі, і прыгожае начное шэсце-працэсія з копіяй абраза вакол Замкавай гары. Бог прымае і чакае кожнага, а Божая Маці апякуецца і накіроўвае. Як адзначыў пробашч ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS, «Маці Божая сама абрала гэтае месца, каб быць бліжэй да кожнага з нас, каб нам дапамагаць».
 
«Мы стараемся наведаваць санктуарый Маці Божай Браслаўскай амаль кожны год, ‒ кажа Алена Татум з вёскі Канстанцінава Глыбоцкага раёна. ‒ Прыязджаем сюды з упэўненнасцю, што Маці ведае, чые сэрцы павінны прысутнічаць на гэтым свяце. І нават калі існуюць нейкія складанасці, аддаём Богу свае намеры, і таму мы тут. Вельмі цешымся, што такое добрае надвор’е, што так шмат людзей і шмат моладзі, і дзякуем Маці Божай за тое, што яна чакае кожнага. Ведаем, што яна не толькі чуе, але і выслухоўвае. І верым, што кожнага яна атуліць матчынай апекай і дапаможа».
 
Галоўную святую Імшу цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Былі прысутныя прадстаўнікі мясцовай і абласной улады, прысутнічаў пасол Польшчы Артур Міхальскі, і ўсе яны звярталіся да вернікаў са словамі прывітання і віншавання. Сваё благаслаўленне ўдзельнікам урачыстасці перадаў нават Папа Рымскі Францішак, пра што паведамлялася ў лісце Апостальскага нунцыя ў Беларусі Габара Пінтэра. 
 
«Сёння, збіраючыся ў браслаўскай святыні, каб ушанаваць Валадарку Азёраў, хочам падзякаваць Марыі за ўсе ласкі і верым, што яна дапаможа нам вызваліцца ад нашых праблем цела і душы і ад усялякага страху і ўсялякай трывогі (…), ‒ прамовіў Мітрапаліт Тадэвуш у гаміліі. ‒ Бог не пакідае нас сам на сам са сваімі праблемамі: у асобе Марыі дае падтрымку. Хто лепш, чым яна ведае цяжкасці жыцця, хатніх абавязкаў ці падрастаючых дзяцей? Гэта яна сцеражэ кожнае зачатае жыццё, кожнага народжанага чалавека, здаровага ці хворага. Марыя заклікае нас да будавання сямейнага жыцця на духоўных каштоўнасцях, на даверу Богу кожнай сям’і з яе радасцямі, праблемамі і смуткамі. Яна як найлепшая Маці можа выпрасіць у Бога цуд аздараўлення беларускай сям’і, калі толькі мы ёй даверымся»
 
«Ніколі не забывайце, што Бог любіць вас так, як маці любіць сваіх дзяцей, ‒  адзначыў Генеральны настаяцель сальватарыянаў кс. Мільтан Зонта SDS. ‒ Тут, у санктуарыі маеце Маці, якая вас абараняе, вучыць і вядзе і ніколі не пакідае, бо з’яўляецца вашай маці. Не бойцеся прасіць Маці Божую Валадарку Азёраў, каб вас вучыла, як падыходзіць да вашых штодзённых спраў з верай».
 
Пакланіцца абразу прыбылі шматлікія вернікі Віцебшчыны, а таксама і з іншых дыяцэзій.
 
«Мы вельмі рады, што ўжо 10 гадоў ёсць такое цудоўнае свята, якое аб’ядноўвае так шмат людзей. Думаю, што ўсе прысутныя набіраюцца тут духоўных сілаў, ‒ адзначыла Алена Мілашэвіч з Мінска. ‒ Мы самі родам з Браслава, заўсёды молімся да Маці Божай Валадаркі Азёраў і абавязкова прыязджаем на ўрачыстасць. Радуе, што тут шмат моладзі. Хочацца верыць, што праз некалькі гадоў і яны прывязуць сюды сваіх дзяцей і свята ў гонар Маці Божай Браслаўскай будзе існаваць і развівацца».
 
Напрыканцы Імшы біскуп Алег Буткевіч уручыў падзячныя граматы тым вернікам, якія садзейнічалі развіццю Віцебскай дыяцэзіі, а таксама святарам-юбілярам. 
 
На завяршэнне біскуп запрасіў вернікаў на наступны год, а пробашч парафіі паведаміў, што пачынаючы з 7 верасня кожную суботу ў 11.00 у нашым санктуарыі будуць адбывацца набажэнствы да Маці Божай Валадаркі Азёраў, злучаныя з  адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і святой Імшой. Скласці просьбы на набажэнства можна непасрэдна ў санктуарыі альбо даслаць поштай на адрас санктуарыя ці на інтэрнэт-старонку.   
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч
Урачыстасць Маці Божай Валадаркі Азёраў ч. 1
 
 
Урачыстасць Маці Божай Валадаркі Азёраў ч. 2