8 верасня наша парафія перажывала свята тытула касцёла ‒ нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Пасля святой Імшы на 11 гадзін адбылася працэсія вакол касцёла.
 
На пачатку літургіі пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд заахвоціў вернікаў дзякаваць Богу за Марыю, яе прыклад жыцця і пакоры, за тое, што ў нашай святыні маем яе цудадзейны абраз. Гамілію прамовіў ксёндз Андрэй Аніскевіч, дырэктар «Карытас Віцебскай дыяцэзіі».
 
«Мы сёння збіраемся ў гэтым касцёле, у бацькоўскім доме, каб асаблівым чынам звярнуцца да Маці Божай. Каб папрасіць у яе благаслаўленне. Таму што маці ніколі не пакідае тых, хто да яе звяртаецца, а заўсёды памятае пра нас», ‒ адзначыў ксёндз Андрэй і неаднаразова падкрэсліў важнасць сям’і для кожнага чалавека. 
 
«Мы адзначаем нараджэнне Маці Божай. Усё, што яна атрымала, распачалося з яе сям’і: выхаванне, вера, пакора. Усё пачынаецца з сям’і. І сёння збіраемся ў гэтай святыні, каб падзякаваць Маці Божай за тое, што яна трымае нас у сваёй апецы», ‒ дадаў святар.
 
Напрыканцы святой Імшы адбылася ўрачыстая працэсія вакол касцёла. 
 
У Каталіцкім Касцёле свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі з’яўляецца адным з самых старажытных Багародзічных святаў. Згодна з палестынскім паданнем, маці імператара Канстанціна Алена пабудавала ў Іерусаліме храм Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ўжо ў першыя дзесяцігоддзі IV стагоддзя. З датай асвячэння гэтага храма — 8 верасня — звязана і датыроўка самога свята. Свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі згадвалася св. Янам Залатавустам, св. Епіфанам, св. Аўгустынам і інш., а таксама ў Служэбніку Папы Геласія, датаваным канцом V стагоддзя.
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч