У мінулую нядзелю ў наш санктуарый завіталі 18 асобаў руху «Маці ў малітве» верхнядзвінскай парафіі разам са сваім пробашчам Аляксандрам Грыцкевічам. Пілігрымка ў Браслаў стала падарункам святара для жанчын да Дня маці.
 
Па словах Паліны Парфяновіч, кардынатара руху «Маці ў малітве» па Віцебскай дыяцэзіі, малітоўная група ў Верхнядзвінску ўтварылася не так даўно. А таму яе ўдзельніцам было карысна не толькі з экскурсіяй наведаць браслаўскую святыню, але і памаліцца з мясцовымі матулямі, паглядзець на арганізацыю малітвы ў нашай парафіі, абмяняцца вопытам. 
 
Перад цудоўным абразом Маці Божай  Валадаркі Азёраў адбылася святая Імша, якую цэлебраваў кс. Адам Квяткоўскі і канцэлебраваў кс. Аляксандр Грыцкевіч. Пасля Імшы ксёндз Адам, духоўны настаўнік руху, распавёў пра гісторыю касцёла і абраза Маці Божай Браслаўскай. Затым адбылася супольная малітва і сустрэча за кубкам гарбаты.
 
Святлана Жылевіч