Сёлета ўрачыстасці Маці Божай Валадаркі Азёраў адзначаліся 21-22 жніўня. Нягледзячы на скарочаную малітоўную праграму ў сувязі з пандэміяй, у санктуарый прыбылі роварныя пілігрымкі з Глыбокага і Мёраў, а спадар Генадзь Бервячонак другі год запар у адзіноце здзейсніў пешую пілігрымку з Глыбокага. Прыбылі індывідуальна вернікі з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі і нашай краіны.
 
Увечары 21 жніўня адбылася святая Імша, якая распачала ўрачыстасці. Літургію ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, да вернікаў прамовіў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. 
 
“Мы, як дзеці, звяртаемся да Марыі. Да Багародзіцы, Аздараўленне хворых, мы маліліся падчас пандэміі, каб Божая Маці атуліла плашчом сваёй апекі ўсіх тых, хто пакутуе ад каранавірусу, маліліся за ўвесь свет. (…). Апошнія дні мы асаблівым чынам у нашай Бацькаўшчыне, у Беларусі, молімся да Каралевы супакою. І мы, як людзі веруючыя, не можам быць абыякавымі, таму кожны дзень узносім нашыя малітвы аб ласцы супакою і згоды ў нашай краіне", - адзначыў іерарх. 
Біскуп Юрый нагадаў пра тое, што Марыя, будучы дастаткова маладой, была моцнай верай і згадзілася прыняць Божую волю, і, як кажа Святое Пісанне, была вернай Богу. 
 
"Таксама праз прызму Евангелля мы глядзім на падзеі ў нашай краіне і кажам, што неабходна шмат маліцца. Я малюся, каб у пакрыўджаных не пасялілася ў сэрцы нянавісць. Мы павінны прабачаць ворагам нашым, і нават не сем разоў, а аж "семдзесят сем". Хоць, канешне, гэта вельмі складана. Але малітва здзяйсняе цуды. Просім Бога аб ласцы прымірэння, прабачэння, каб мы былі адзіным народам, каб не мелі нянавісці. Маліцца за людзей, якія ўчынілі гэтыя злачынствы, яшчэ цяжэй. Але Езус кажа маліцца за ворагаў, за тых, хто нас пакрыўдзіў. Бог хоча збаўлення кожнага чалавека", - разважаў прамоўца.
 
"Зло  перамагайце дабром". Ізноў жа глядзім на нашую краіну. Здавалася б, што за тыя злачынствы людзі павінны былі азлобіцца, але яны выйшлі на мірныя акцыі. Нават дзяўчыны, слабенькія дзяўчыны, як Багародзіца, якая стаяла пад крыжам, выйшлі з кветкамі ў руках, сцвярджаючы, што людзі хочуць міра, супакою. І гэта цуд нашай зямлі. Зло дабром перамагайце. Гэта героі нашага часу. Бо праліццё крыві заўсёды будзе асуджана нашчадкамі. Таму молімся да Марыі, каб яна выпрасіла ў Бога патрэбную нам ласку", - заахвоціў біскуп.
 
Пасля заканчэння святой Імшы адбыўся канцэрт арганнай музыкі ў выкананні салісткі канцэртнай залы Сафійскага сабора ў Полацку, заслужанай артысткі Беларусі Ксеніі Пагарэлай.
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірыны Гайдамовіч