Днём 22 жніўня плошча каля палявога алтара была запоўнена вернікамі. Мясцовыя вернікі і пілігрымы прыбылі ў наш санктуарый, каб дзякаваць Маці Божай за атрыманыя праз яе пасрэдніцтва ласкі і прасіць аб неабходных дарах на кожны дзень.
 
На пачатку літургіі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч прывітаў прысутных іерархаў - Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага, архімандрыта Сяргея Гаека, Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі, усіх духоўных асобаў, пілігрымаў, вернікаў парафіі і святароў сальватарыянаў, якія апякуюцца санктуарыем Маці Божай Валадаркі Азёраў. Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які заклікаў маліцца не толькі ва ўласных інтэнцыях, але і за ўвесь беларускі народ. 
 
У гаміліі Мітрапаліт нагадаў, што ў гісторыі збаўлення чалавецтва важную ролю адыграла Марыя, бо прыняла Божае слова. Марыя разумела, што Бог хоча толькі дабра для людзей.
 
"Сёння мы перажываем дагэтуль нябачаны ў нашай краіне грамадска-палітычны крызіс. Як яго вырашыць? Што ўчыніць, каб не было насілля? Як зноў вярнуць мір на вуліцы і плошчы нашых гарадоў? Сёння мы бачым, што з аднаго боку - камяні, з іншага - зброя. Мы не вырашым гэтай праблемы ні камянямі, ні зброяй, ні АМАПам, ні біццём, ні зняволеннем. Неабходна паглядзець на праблему ў праўдзе. Нам неабходна паглядзець на праблему духоўнага жыцця, неабходна звяртацца да Бога, прасіць Яго, каб тыя, хто пакліканы да ўлады, належна яе выконвалі. Марыя пасля Звеставання спяшаецца да Альжбеты. Марыя прызнала, што Яна слуга Бога, але хоча быць і слугою чалавека. Таксама той, хто пакліканы да ўлады, павінен быць слугою, служыць у праўдзе іншым людзям. У дэмакратычнай супольнасці нармальна тое, што ёсць розныя меркаванні, і яны павінны быць, бо толькі тады, у спрэчцы нараджаецца ісціна, толькі тады мы можам развівацца, - разважаў арцыбіскуп (...). - Сёння мы ўзгадваем Марыю Валадарку. Яе валадаранне ў тым, каб служыць чалавеку, і мы павінны служыць адзін аднаму, у перапрашэнні і ў прабачэнні". 
 
Мітрапаліт нагадаў, што наша краіна не пераменіцца, пакуль не пераменяцца людскія сэрцы.
 
"Няхай сыйдзе Дух Святы на нас і адновіць аблічча зямлі, нашай зямлі. Каб мы, вядомыя Марыяй, узмоцненыя ласкай Езуса Хрыста ўвайшлі ў новую будучыню, з перамененымі сэрцамі, у будучыню, якая будзе будавацца на хрысціянскіх каштоўнасцях, дзе будзе панаваць дабро людзей і супакой, які так нам патрэбны", - заклікаў Мітрапаліт Кандрусевіч.
 
Урачыстасць завершылася, але Маці Божая ў цудадзейным абразе чакае штодня. Набажэнствы да Маці Божай Валадаркі Азёраў праходзяць у нашым санктуарыі кожную першую суботу месяца і распачынаюцца ў 11.00. 
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч