«Не забараняйце ім прыходзіць да Мяне…» Гэтыя словы Пана нашага Езуса Хрыста ўспамінаюцца, калі бачыш, колькі дзетак упершыню ў сваім жыцці паўнацэнна прынялі ўдзел у святой Імшы.
 
6 верасня адбылася гэтая ўрачыстасць і ў нашай парафіі. 48 хлопчыкаў і дзяўчынак у белых, як снег, альбах падыйшлі да алтара. Упершыню ім стала зразумела, чым просты хлеб і віно адрозніваюцца ад Эўхарыстычнага. 
 
У суботу дзеці прыступілі да сакрамэнту Пакаяння. Шчырая споведзь - першая і такая галоўная падзея ў іх хрысціянскім жыцці.
Пасля выканання пакуты кожны хлопчык і дзяўчынка, узяўшы загаддзя падрыхтаваную авечку са сваім імем, падносілі яе да Алтара і пакідалі там, на усталяваным прыгожым зялёным лузе. Сімвал таго, што ўсе дзеці прыйшлі да свайго добрага Пастыра Езуса Хрыста. Сталі яшчэ на крок бліжэй да Яго, з’ядналіся з Ім.
 
Першая Камунія – гэта асэнсаваны крок у новае, духоўнае жыццё.
 
Менавіта, дзякаючы намаганням ксяндза-пробашча Станіслава, сястры Ірэны, дзеткі змаглі духоўна вырасці і адкрыць сваё сэрца Пану Богу.
Святочную атмасферу пастараліся зрабіць і бацькі, якія дапамаглі ўпрыгожыць касцёл кветкамі і бела-зялёнымі стужкамі. А ля галоўнага алтара зрабіць імітацыю зялёнага поля, на якім пасуцца 48 белых ягнят з імёнамі дзетак.
 
Падчас святой імшы гучала музыка і спевы моладзевага хору, што таксама стварала асаблівую атмасферу ўрачыстасці.
Але ж такі галоўным момантам урачыстасці было калі дзеткі падыходзілі да алтара, станавіліся на калені і прымалі святую Камунію пад кранаючую рэлігійную песню.
 
Пасля Імшы ксёндз-пробашч Станіслаў яшчэ раз павіншаваў прысутных, а бацькі ўручылі кветкі. На памяць дзеткі атрымалі сваеасаблівыя карткі (Пасведчанне аб прыняцці сакраманту Эўхарыстыі) і маленькі хлеб, якім яны павінны будуць дома падзяліцца са сваімі блізкімі і роднымі.
 
Усё дыхала супакоем у гэты вераснёўскі дзень, напачатку якога ішоў дожд, але пасля Імшы заззяла сонца. А на тварах усіх прысутных з’явілася Божая іскра.
 
Тэкст: Нарэль Алеся, Кезік Алена
Фота: Ірына Гайдамовіч