8 верасня Каталіцкі Касцёл адзначае свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Для нашай парафіі – гэта і свята тытулу касцёла.
 
У святочны дзень адбыліся дзве святыя Імшы. Увечары літургію ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўдзяліў таксама сакрамэнт канфірмацыі 31 верніку нашай парафіі.
 
Напачатку Імшы біскуп заахвоціў вернікаў адкрыцца на дары Духа Святога, маліцца аб гэтых дарах, а таксама ў інтэнцыі супакою ў нашай краіне, «каб памяталі, што ўсе мы – браты і сёстры, і маем адзінага Бога Айца ў Небе».
 
Ардынарый Віцебскай дыяцэзіі разважаў у казанні пра дар жыцця, каштоўнасць кожнага жыцця, асабліва яшчэ не народжанага, але ўжо зачатага. 
Атрымаць сакрамэнт канфірмацыі ў Дзень нараджэння Марыі – біскуп назваў гэта падарункам ад Божай Маці. 
 
«Так, як разам з апосталамі яна была ў вячэрніку ў дзень пяцідзясятніцы, так і сёння з намі. Але наколькі атрыманы дар будзе дзейсным, гэта ўжо залежыць ад нас. Маем дазволіць Духу Святому дзейнічаць у нашым жыцці», – звярнуўся біскуп да кандыдатаў да канфірмацыі. 
 
«Памятайце, што людзі бачылі апосталаў, на якіх сышоў Дух Святы. Бо іх пачалі разумець усе, – працягваў біскуп Алег. – Сёння, не толькі ў нашай грамадска-палітычнай сітуацыі, мы павінны пачуць і зразумець адно аднаго, але і ў кожнай нашай сям'і. Пачуць чалавека, зразумець, прымірыцца з чалавекам, прабачыць. Гэта дары Духа Святога. Будзем жа ўсе разам прасіць аднаўлення гэтых дароў для сябе. Неабходна толькі паверыць у Божую моц».
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч