Кожны год на супольную малітву ў гонар святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса прыязджаюць парафіяне з Браслава. І гэты – не выключэнне. Нават тры асобы вырушылі пешшу, каб выпрасіць заступніцтва ў святой Тэрэзкі.
 
Урачыстасць распачалася з набажэнства перад Найсвяцейшым Сакрамантам. У малітвах праз заступніцтва святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езус прасілі ў Бога аб ласцы навяртання для грэшнікаў, а таксама Дароў Духа Святога для місіянераў ў краінах, дзе ёсць пераслед за веру. Таму што менавіта святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езус з’яўляецца апякункай каталіцкіх місій. 
 
Падчас святой Імшы ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS у гаміліі зазначыў, што св. Тэрэза знайшла спосаб евангелізацыі ўласным жыццём. Прасіла Езуса, каб магла Яго любіць яшчэ мацней і стаць нявольніцай Ягонай любові. Сёння гэта нам павінна нагадваць аб сутнасці хрысціянства, якое не з’яўляецца ні філасофскай сістэмай ні ідэалогіяй, але гісторыяй любові Бога да чалавека. Святая прыпамінае нам, што наша любоў да Бога павінна быць на ўзор Хрыстовай любові, неразлучна звязанай з любоўю да чалавека.
 
кс. Уладзімір Шыдлоўскі SDS
фота: Ірына Гайдамовіч