“Шчаслівыя тыя, хто памірае ў Пану; 
яны адпачнуць ад працы сваёй, а справы іх ідуць за імі”
 Ап 14, 13
 
17 мая ў Браслаўскім санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёр адбылася пахавальная Імша Часлава Буткевіча, бацькі Віцебскага ардынарыя Алега Буткевіча і дзвюх сясцёр эўхарыстак Ганны і Аліцыі. 
 
Ад суботы, калі памёр сп.Часлаў, ішоў дождж і свяціла сонца: быццам неба спачувала і пацяшала ўсіх тых, хто смуткаваў з-за гэтай смерці. 
Ён быў звычайны чалавек. Жыў, як усе. Працаваў, як усе. Клапаціўся пра сям’ю і выхоўваў дзяцей, як усе. Аднак вера асвячала звычайнае жыццё гэтага звычайнага чалавека, надавала сэнс кожнай падзеі, ахінала малітвай і спяліла плён. 
 
Сп. Часлаў нарадзіўся 19 сакавіка, калі Касцёл адзначае Ўрачыстасць Святога Юзафа, памёр у  абвешчаным Папай Францішкам Годзе Святога Юзафа. Гэты святы, такі непрыкметны ў Святым Пісанні і такі неабходны ў жыцці Езуса і Марыі, стаўся іконай жыцця мужа, бацькі, парафіяніна і грамадзяніна Часлава. Як зазначыў бп. Алег, “немагчыма ўявіць сабе якім было б жыццё без яго”.
 
Бацька святара і дзвюх законніц, якога разам з жонкай амаль кожны дзень можна было ўбачыць у касцёле на каленях, які маліўся таксама дома і на пахаваннях, запрошаны сваякамі памерлых, ён быў сапраўдным сведкам веры, пра якіх казаў святы Ян Павел ІІ, што Касцёлу патрэбны не настаўнікі, а, перадусім, сведкі. 
Смерць блізкіх людзей заўсёды прыносіць смутак у сэрца, але таксама напаўняе ўдзячнасцю за іх жыццё і надзеяй на сустрэчу ў Божым Валадарстве. Гэтыя пачуцці найбольш поўна выражаюць словы малітвы, якой хочацца закончыць гэты артыкул:
 
“Сапраўды, годна гэта і справядліва, слушна і збавенна, каб мы заўсёды і ўсюды Табе складалі падзяку, Пане, святы Ойча, усемагутны вечны Божа, праз Хрыста, Пана нашага. У Ім заззяла для нас надзея на ўваскрашэнне ў хвале, і, хоць нас засмучае непазбежнасць смерці, мы знаходзім суцяшэнне ў абяцанні будучай несмяротнасці. Бо жыццё Тваіх верных, Пане, змяняецца, але не заканчваецца, і калі знікне дом іх зямнога жыхарства, яны знойдуць падрыхтаванае для іх месца вечнага прабывання… Таму просім Цябе, Пане,каб душа нашага брата Часлава, якога Ты далучыў да народу Новага Запавету, ачышчаная моцаю эўхарыстычнай Ахвяры, атрымала вечны супакой у Валадарстве Хрыстовым. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн”. 
 
С. Іна Амельчанка SJE