23 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Святога Духа, у нашай парафіяльнай супольнасці 67 дзяцей першы раз прынялі да сваіх сэрцаў Жывога Бога – Езуса Храста ў сакрамэнце Эўхарыстыі. Святую Імшу ўзначаліў ксёндз пробашч Станіслаў Мжыглуд.
 
Разам з бацькамі, хроснымі і роднымі ўся парафія святкавала гэтую падзею! Дзякуй Пану Богу за вялікі дар Цела і Крыві Езуса Храста! “Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, той мае жыццё вечнае і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень”.( Ян, 6, 54)
 
Першая Камунія з’яўляецца першым святочным і свядомым актам спажывання Пана Езуса падчас сакрамэнту Эўхарыстыі, які пад выглядам хлеба і віна прысутнічае сярод нас. Падчас святой Камуніі мы злучаемся з Ім, а таксама з усім Касцёлам праз тое, што спажываем Ягонае Цела і Кроў.
 
Пад кіраўніцтвам сястры Ірыны дзеці старанна рыхтаваліся да гэтай хвалюючай падзеі: вучылі малітвы, разважалі аб слове Божым, стараліся ўсім сэрцам зразумець і палюбіць Хрыста. Папярэднічала нядзельнай Імшы шчырая першая споведзь дзяцей, падчас якой яны ачысцілі свае сэрцы ў сакрамэнце Пакаяння.
 
На пачатку святой Імшы першакамунійныя дзеці атрымалі благаслаўленне бацькоў і ўрачыста ўвайшлі ў касцёл. Пры запаленых свечках яны аднавілі абяцанні хросту, урачыста паабяцалі працягваць вывучэнне Божага слова, быць годнымі людзьмі ва ўсіх сваіх учынках і рэгулярна ўдзельнічаць у святой Імшы.
 
З асаблівым хваляваннем і нецярпеннем дзеці чакалі моманту, калі Езус у выглядзе белага хлеба ўвойдзе ў іх сэрцы. Перад прыняццем сакрамэнту  прысутнасці ўсіх сабраных, дзеці выказалі Пану Езусу моцнае жаданне прыняць Яго ў свае сэрцы. А затым настала доўгачаканая хвіліна, калі Езус з любоўю і ласкай прыйшоў да кожнага ў Эўхарыстыі.
 
Сваімі перажываннямі з намі падзялілася Варанчыхіна Сафія, якая разам з іншымі дзецьмі ўпершыню прыняла святую Камунію:
— Сафія, які ў цябе настрой пасля сустрэчы з Езусам Хрыстом ў Эўхарыстыі?
— Я вельмі шчаслівая і ўдзячная сваім бацькам за магчымасць сустрэчы з Хрыстом. Мяне перапаўняюць шмат эмоцый, але больш за ўсё – пачуццё любові да Езуса Хрыста – майго Збавіцеля.
— Як праходзіла падрыхтоўка да Першай Камуніі, якія былі складаннасці?
— Падрыхтоўка праходзіла вельмі цікава і весела. У падрыхтоўцы нам дапамагала сястра Ірына. Мы вучылі малітвы, шмат даведаліся пра Езуса Храста і Святую Тройцу, разважалі аб слове Божым. 
— Ці хвалявалася ты падчас першай споведзі?
— Так, хвалявалася, але я разумела што гэта вельмі добрая падзея для мяне і ўсіх дзяцей, таму што святая споведзь – вялікая ласка Езуса Хрыста, праз якую Езус прабачае нам грахі.
— Ці дапамагалі табе бацькі ў падрыхтоўцы па Першай Камуніі?
— Так, канешне, мае бацькі вельмі мяне падтрымлівалі, дапамагалі ў незразумелых пытаннях. Мы заусёды разам наведваем касцёл і молімся ў хаце.
— Цяпер, калі ты прыняла Першую святую Камунію, якія абяцанні  дала сабе на будучыню?
— Я дала абяцанне: усё сваё жыцце быць з Хрыстом, заўсёды хадзіць на споведзь і прымаць святую Камунію, маліцца і старацца як мага менш грашыць.
 
Урачыстасць Першай Камуніі – гэта радасная падзея не толькі для дзяцей, іх бацькоў і родных, але і для ўсёй парафіяльнай супольнасці, якая, па сутнасці, з’яўляецца адной вялікай сям’ёй. Вядома, праз хрост кожнае дзіця далучана да супольнасці Касцёла, але толькі тады, калі яно прыступіць да споведзі і прыме Святую Камунію — становіцца паўнапраўным членам гэтай сям’і і поўнасцю карыстаецца Божай Ласкай, якую даюць яму гэтыя сакрамэнты.
Пажадаем нашым дзецям з кожным днём узрастаць у веры, ісці ў сваім жыцці разам з Хрыстом. Няхай жа Найсвяцейшая Панна Марыя апякуецца нашымі дзеткамі і дапамагае ім служыць з любоўю Езусу Хрысту!
 
Дар’я Далецкая