Трэцяга чэрвеня Каталіцкі Касцёл перажываў урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана. Святкуецца яна ў чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы і з'яўляецца падзякай Богу за дар Яго ўцелаўлення ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.
 
Асаблівая гэта ўрачыстасць працэсіяй вакол касцёла да чатырох алтароў. Святар спыняецца на кожным з іх, чытае ўрывак з Евангелля адносна таямніцы Божага Цела і разам з вернікамі ўшаноўвае Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.
 
Падчас вячэрняй Імшы пробашч браслаўскай парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд прапанаваў паразважаць над гэтай вялікай таямніцай і дарам. Святар заахвоціў успрымаць прыняцце святой Камуніі не як аднабаковую з'яву: мы прымаем Бога ў сэрца ці Хрыстос да нас прыходзіць. Але гэтая таямніца нагадвае момант, калі дзіця з радасцю бяжыць у абдымкі таты і той яго прытуляе. Не толькі мы прымаем Бога ў сэрца і жыццё, але і Ён хоча выйсці нам насустрач, каб па-бацькоўску прытуліць.
фота: Ірына Гайдамовіч