Святкаванне ўрачыстасці Маці Божай Валадаркі Азёраў выпала сёлета на 20-21 жніўня. У пятніцу вечарам адбылася святая Імша, а пасля канцэрт арганнай музыкі, набажэнства да Маці Божай і ружанцовая малітва з працэсіяй па вуліцах горада.
 
У гэтыя дні санктуарый наведалі многія вернікі з Віцебскай дыяцэзіі і іншых куткоў нашай краіны. І хоць ужо другі год запар праз пандэмію каранавірусу масавыя пілігрымкі не арганізоўваліся, пілігрымы ў наш санктуарый усё ж такі прыбылі. Прыйшлі яны з Удзела і Глыбокага, а з парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах прыехалі вернікі на роварах.
 
Былі і такія пілігрымы, хто не афішаваў сваё прыбыццё ў Браслаў. Таццяна Танана з Мінска разам з сябрам пераадолела на ровары 100 кіламетраў за адзін дзень, каб прыбыць у браслаўскі санктуарый. Сама яна родам з Варапаева, і ад мясцовага касцёла распачаўся іх шлях у Браслаў. Свой маршрут яны зрабілі крыху даўжэйшым за магчымы, каб прыпыніцца каля прыгожых касцёлаў у вёсках Далёкія і Опса.
 
«Пандэмія вывела нас на такі фармат пілігрымавання, калі крочыш ці едзеш самастойна, не ў вялікай групе. І ў гэтым ёсць свае плюсы: табе не трэба падстройвацца пад рытм і настрой іншых, можаш выбраць свой маршрут, пабыць сам насам з Богам. Можаш убачыць Бога ў тым, на што звычайна не звяртаеш увагі: у з'явах прыроды, стварэннях чалавечых рук (прыгожых цэрквах і касцёлах)» — падзялілася з намі Таццяна. 
 
У гэты вечар адбылася святая Імша з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі. Як адзначыў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, у гэтай малітве вернікі былі падобныя да Марыі з апосталамі, якія сабраліся разам памаліцца.
 
«Без малітвы, без удзелу ў святых сакрамэнтах немагчыма, каб Дух Святы дзейнічаў у нашым жыцці. Асабліва без удзелу ў святой Імшы — таго "ключыка", якім мы па-сапраўднаму адкрываем свае сэрцы і дазваляем Святому Духу змяняць наша жыццё, дазваляем Богу быць яго інструментам, каб атрымліваць сілу быць сведкам Езуса Хрыста, — адзначыў біскуп Юрый у гаміліі. — Але вера без любові немагчымая. Сапраўдная любоў — гэта жаданне дабра іншаму чалавеку, гэта прабачэнне. Гэта складаная справа, якой мы вучымся ўсё жыццё».
 
Сакрамэнт бежмавання прынялі больш за 70 вернікаў з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі. Пасля святой Імшы адбыўся канцэрт аганнай музыкі. 
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч & Аляксандр Сапель