Восьмага верасня Каталіцкі Касцёл адзначае свята нараджэння Маці Божай. Такі тытул носіць наша святыня і парафія. Таму ў гэты дзень вернікі прыйшлі ў касцёл, каб разам маліцца праз заступніцтва Дзевы Марыі і вучыцца яе пабожнасці.
 
Падчас вячэрняй святой Імшы разам з прысутнымі вернікамі маліўся кс. Міхал Сапель і кс. Юрый Жаўняровіч. 
 
У гаміліі пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд нагадаў, што пра нараджэнне Марыі мы не знойдзем звестак у Бібліі. Пра гэта распавядае традыцыя і апакрыфічныя кнігі.
 
«Наш Пан Езус Хрыстус з’яўляецца нашым Валадаром, Марыя ― Валадаркай, Каралевай Неба і Зямлі. Імя Марыя азначае «святасць». Маці Божая была асветлена больш, чым усе святыя. Традыцыя называе таксама Марыю «зоркай», бо яна павінна прывесці нас да збаўлення», ― адзначыў ксёндз Станіслаў. 
 
«Марыя заўсёды ёсць нашай надзеяй, суцяшэннем і дапамогай. Марыя спадарожнічае нам і паказвае, што значыць верыць і як не сумнявацца ў тым, што Бог заўсёды з намі», ―  дадаў святар. 
 
Завершылася святая Імша працэсіяй вакол касцёла.
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч