У Вялікі аўторак, 12 красавіка 2022 года, адбылося пахаванне Вікторыі Багдановіч, маці ксяндза Аляксандра Багдановіча, пробашча парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Хатаве Стаўбцоўскага дэканату (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) і сястры Антаніны Багдановіч, настаяцельніцы Беларуска-літоўскай делегатуры Кангрэгацыі Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі. Спачылай у сакавіку споўнілася 80 гадоў.
 
Пахавальная святая Імша адбылася ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе. Цырымонію ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Развітацца са спадарыняй Вікторыяй прыехаў таксама генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, 20 святароў і 17 сясцёр законных. 
 
Біскуп Алег Буткевіч адзначыў, што Вікторыя Багдановіч у складаныя часы атэізму сумела выгадаваць у веры сваіх дзяцей і ахвяравала іх на Божую службу. Яе не пазбаўленае цяжкасцяў і выпрабаванняў жыццё было прасякнута малітвай і працай. На сваё 80-годдзе яна была ў касцёле і прымала Святую Камунію: «Нават калі здароўе ўжо не вельмі дазваляла, Вікторыя Багдановіч была ў касцёле, бо не ўяўляла свайго жыцця без сакрамэнтаў».
 
Ардынарый Віцебскай дыяцэзіі адзначыў, што зямны шлях спадарыні Вікторыі — прыклад для ўсіх нас, хто застаецца на зямлі, як трэба быць падрыхтаваным да сустрэчы з Панам у Яго Валадарстве: «Яе жыццё паказвае нам, як чакаць Гаспадара з запаленымі светачамі, каб адразу адчыніць Яму». Сімвалічным біскуп Буткевіч назваў тое, што святой памяці Вікторыя Багдановіч адышла да Пана ў Нядзелю Мукі Пана, калі Езус здзейсніў урачысты ўезд у Ерузалім. «Будзем памятаць, што цяпер у вас, ксёндз Аляксандр і сястра Антаніна, з’явіўся ашчэ адзін заступнік у Небе. Матуля не перастае маліцца за сваіх дзяцей, калі пакідае зямное жыццё, яна выпрошвае патрэбныя ласкі для вас перад Божым тронам», — звярнуўся да дзяцей памерлай біскуп.
 
Біскуп Юрый Касабуцкі перадаў родным Вікторыі Багдановіч словы шчырага спачування ад арцыбіскупа Мінска-Магілёўскай архіядыяцэзіі Юзафа Станеўскага, а таксама абацанне малітоўнай падрымкі ад святароў і вернікаў Магілёўшчыны. 
 
Пахаванне адбылося на могілках у Іказні. 
 
Ася Паплаўская
фота Іна Сапун, кс. Юрый Жаўняровіч