15 мая 2022 года ў жыцці нашых дзяцей адбылася значная падзея: яны ўпершыню прынялі Святую Камунію. Святая Імша, узначаленая самім біскупам Віцебскай дыцэзіі Алегам Буткевічам, прайшла на адным дыханні, хоць і доўжылася больш, чым звычайна.
 
Прыняцце Святой Камуніі стала вынікам двухгадовага навучання, падчас якога 46 выхаванцаў сястры Ірыны знаёміліся з жыццём Хрыста і яго вучняў, вывучылі Божыя запаведзі, малітвы. Удзельнічаючы ў Святой Імшы кожную нядзелю, дзеці навучыліся правільна паводзіць сябе ў храме, маліцца нароўні з астатнімі вернікамі. 
 
Урачыстасці падзеі спрыяла ўсё навокал: і прысутнасць біскупа, і  белая вопратка дзяцей, і мноства кветак, і маленькія белыя анёлы, якія сімвалізавалі духоўную чысціню нашых сыноў і дачок. 
 
Біскуп Алег Буткевіч і пробашч ксёндз Станіслаў Мжыглуд шчыра віншавалі дзяцей і ўсіх прысутных з урачыстасцю Першай Камуніі. “Памятайце пра гэты дзень і нясіце святло Езуса ў сваіх сэрцах праз усё жыццё”, - такім быў наказ святароў. 
 
Напрыканцы літургіі бацькі і дзеці падзякавалі Богу за дар цудоўнага сакрамэнту, праз які Хрыстос уваходзіць у нашы сэрцы і запальвае іх сваёй любоўю. Будзем жа і далей спрыяць духоўнаму росту нашых дзяцей, весці іх дарогай Святла і Любові да Бога.
 
тэкст: Вольга Мезіна
фота: Ірына Гайдамовіч