Самы прыгожы і велічны горад Беларусі - гэта, вядома ж, наша сталіца Мінск. Некаторыя людзі, якія жывуць ад яе вельмі далёка, толькі марылі там пабываць. І вось, дзякуючы Божай апецы і дапамозе сястры Ірыны - манахіні каталіцкага манастыра Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі, людзі з інваліднасцю з усіх краёў Браслаўшчыны адправіліся ў найцікавейшую экскурсію па сталіцы! 
 
Нават проста пракаціцца па вуліцах Мінска і паглядзець на найпрыгажэйшыя будынкі і збудаванні - ужо займальна, але дзе толькі не пабывалі людзі з інваліднасцю?! Гэта батанічны сад, аранжарэя, заапарк з акварыумамi, тэррарыумамi і іншымі цікавымі месцамі, дэльфінарый, але акрамя гэтага не забывалі і аб духоўнай асвеце! Мы пабывалі ў Мінскім архікатэдральным саборы Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, які раней бачылі толькі па тэлевізары на прамых трансляцыях да Вялікадня і Каляд. У праваслаўным кафедральным Саборы Святога Духа, а таксама у касцёле св. Сымона і  Алены (Чырвоны касцёл), дзе нас шчыра сустрэў ксёндз Уладіслаў Завальнюк прыемными падарункамі (а менавiта пчалiным мёдам) і смачным абедам. У знакамiтым Чырвоным касцёле мы не толькі памаліліся на святой Імшы, але і разам з гідам даведаліся і ўбачылі шмат цікавага пра касцёл, розных святых, пра плашчаніцу Езуса Хрыста, пабывалі нават у велізарнай бібліятэцы Чырвонага касцёла. Мы сустракаліся з такімі знакамітымі людзьмі, пра якіх маглі толькі чуць або бачыць па тэлевізары! Гэта і біскуп Казімір Велікаселец, і ксяндзы, бацюшкі розных сабораў, касцёлаў і нават сам біскуп Тадэвуш Кандрусевіч праводзіў адну з Імшаў, на якой мы маліліся! На працягу двух дзён харчаванне і прытулак нам падаў цудоўны Хрысціянскі сацыяльны цэнтр пад наглядам сястры Чэславы, дзе робiцца шмат працы, асаблiва для нямоглых людзей з iнваліднасцю i дзяцей, нават самі пякуць хлеб, якi мы з радасцю змаглi набыць. А спадарыня Дар’я з гэтага цэнтра правяла па знакамітай Нямізе, распавёўшы шмат цікавага пра горад. Таксама для многіх было займальным ўпершыню праехаць ў метро. Напоўніўшыся выдатным настроем, новымі ведамі, стаміўшыся, але шчаслівыя мы пакінулі кавалачкі сваіх сэрцаў у нашай прыгожай сталіцы-Мінску, забраўшы з сабой мора ўражанняў, падарункаў і эмоцый.
 
Шчыра дзякуем нашым добразычлiвым гаспадарам, чыiмi гасцямi мы з’яўлялiся, за такi багаты прыём і падарункi! Дзякуем ад усёй душы арганізатарам гэтай паездкі, у асаблівасці сястры Ірыне, Жылевічу Аляксею і ўсім, хто нейкім чынам спрычыніўся да паездкі! Няхай добры Бог дапаможа гэтым людзям, дасць абарону, благаслаўленне і здароўе! Дзякуй вам і Яму велізарнае!!!
 
Людміла Сінкевіч