Як гэта было, - з намі падзяліліся самі дзеці і падлеткі.
 
Эліна Пілат:
Кожная раніца пачыналася з малітвы з сястрой Ірэнай, якая вучыла дзяцей ранішняй малітве і ўдзячнасці Богу за кожны дзень жыцця. Таксама ў першы дзень сястра Ірына і сястра Наталля вывучылі з намі песню «Дзе магу знайсці я Бога?», якая на працягу тыдня была тэмай канікул. 
Таксама не будзем забываць пра ранішнюю руханку, якую праводзілі валанцёры. Пасля гэтага дзеці разам беглі на смачнае сняданне. Падсілкаваўшыся, мы збіраліся ў касцёле на cвятую Імшу, якую праводзіў для нас ксёндз Станіслаў. У гаміліі ён казаў нам пра малітву. Адразу ж у панядзелак дзеці размеркаваліся па групах. Пасля ж было знаёмства груп адна з адной.
У гэты ж дзень катэхэзу праводзіла арганістка нашай парафіі Іна Эдуардаўна. Яна расказала пра тое, як можна маліцца  і праслаўляць Бога сваім спевам. У аўторак мы слухалі катэхезу, якую праводзіла с. Наталля. Акрамя заняткаў, дзеці між сабой гулялі ў розныя гульні, танцавалі з валанцёрамі, а таксама прыгалі на батуце.
Вось так прайшлі нашыя першых два дні.
 
Яна Рышкевіч:                                                 
Трэці дзень «Канікулаў з Богам» пачаўся незвычайна. Мы сустрэліся на турбазе, дзе прайшла экспедыцыя па лесе. Дзеці даведаліся шмат новага пра розныя расліны, а потым зрабілі смачную гарбату. Калі мы вярнуліся назад, усе паабедалі і пайшлі гуляць на вуліцу. Весяліліся, танцавалі і гулялі. Потым нам давялося пабываць на катэхэзе з сястрой Кацярынай, дзе мы напісалі пісьмо Богу. У канцы дня мы атрымалі пасілак і накіраваліся дамоў. Дзень быў проста цудоўны.
Раніца чацвёртага дня пачалася са звычайнай ранішняй малітвы, на якой мы ўзносілі да Езуса свае падзякі і просьбы. Пасля снядання дзеці мелі вольны час, калі ўсе гулялі на вуліцы і пісалі свайму «патаемнаму сябру». Потым дзеці прынялі ўдзел ў святой Імшы ва ўрачыстасць Нараджэння Яна Хрысціцеля, маліліся і гучна спявалі. Пасля абеду мы накіраваліся на турбазу, каб прайсці вяровачны гарадок. Час прайшоў вельмі весела і добра.
 
Ганна Вязіцкая:
Апошні дзень дзіцячага летніка «Канікулы з Богам»:
  «Дзе магу знайсці я Бога? Дзе яго шукаць?» - мы ўжо ведаем на памяць адказы на пытанні лагернай песні:
  -  У Касцёле Хрыстовым,
  -  У святой Эўхарыстыі,
  -  Між намі, братамі,
  -  У Божым слове,
  - У малітве штодзённай,
  -  Ва ўсмешцы зычлівай.
 
Гэта не проста словы песні. Гэта наша жыццё на працягу пяці дзён.
   Гэты дзень суправаджаўся ранішняй малітвай, пасля якой быў вольны час. Дзеці знову ж гулялі і пісалі лісты да таямнічага сябра.
    У гэты дзень мы, прытрымліваючыся традыцыі, разам пашлі ў касцёл на Імшу, маліліся да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, спявалі літанію.
     Пасля Імшы дагледзелі добрае кіно пра асаблівага хлопчыка, займаліся на катэхезе.
     Кульмінацыяй дня стала латэрэя, дзе кожны быў пераможцам. А яшчэ былі танцы, песні і падарункі!
     Слава Богу за гэтыя пяць цікавых дзён, якія праляцелі як адзін дзень.
     
Дзякуй усім, хто быў у летніку. Дзякуй сёстрам і кс. Станіславу за арганізацыю!
 
    Дзякуй Богу за Яго любоў!