Святкаванне ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў распачалося прыходам пілігрымаў. 
Іх спеў па вуліцах нашага гораду радаваў сэрцы браслаўчан і нагадваў пра тое, што ў гэтыя дні варта наведаць святыню.
Ужо шмат гадоў запар пілігрымы з Глыбокага прыходзяць у браслаўскі санктуарый. Для кагосьці з іх такая пілігрымка ― ужо добрая традыцыя, для іншых ― новы шлях пазнання сябе і знаёмства з новым святым месцам. Сёлета прыбылі таксама вернікі з Удзела, якія ішлі ў асаблівым пакутніцкім духу: крочылі ў цішыні і неслі на сваіх плячах усе патрэбныя рэчы. 
На фэст прыехалі таксама дзве аўтобусныя пілігрымкі з Гродзенскай дыяцэзіі ― разам каля 50 удзельнікаў.
Былі і тыя, хто не агучваў сваё імя, але прыехаў на ровары, пераадолеўшы некалькі дзясяткаў кіламетраў. І, канешне, былі вернікі і духоўныя асобы з Віцебскай дыяцэзіі і іншых мясцовасцей нашай краіны.
Усіх пілігрымаў на вячэрняй святой Імшы прывітаў пастыр дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Падчас гэтай літургіі, якую ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі, таксама быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі. Яго прынялі 76 вернікаў Віцебскай дыяцэзіі. 
Пасля літургіі адбылася канферэнцыя на сямейную тэматыку, а  таксама канцэрт хору "Salutaris " з Мінска.
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч