Кульмінацыяй урачыстасцяў Маці Божай Валадаркі Азёраў з’яўляецца святая Імша на палявым алтары. Узначаліў яе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
 
Разам з ім маліліся біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама ксёндз Юзаф Фігель SDS, правінцыял супольнасці сальватарыянаў.
 
Сваім спевам літургію упрыгожвалі ўдзельнікі летняй школы касцёльнага спеву. Ужо ў пяты раз яна праходзіла ў нашай парафіі пад кіраўніцтвам дацэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзіміра Неўдаха. Таксама да спеву далучыўся хор «Salutaris». 
 
«Хтосьці сказаў, што найпрыгажэйшай мелодыяй з’яўляецца цішыня, бо ў ёй можна пачуць мелодыю ўласнага сэрца, ― звярнуўся да прысутных Мітрапаліт Станеўскі. ― Мае дарагія, таму напрацягу стагоддзяў чалавек уцякаў ад мітусні гэтага свету ў цішыню Бога, каб спазнаць і зачэрпнуць Божай праўды. І мы сёння імкнёмся дакрануцца Божай праўды. Нашая прысутнаць і малітоўная сустрэча дазваляюць нам зачэрпнуць чароўнай Божай і браслаўскай цішыні (…). Тут мы можам перажыць атмасферу супакою, якая спрыяе сустрэчы з Богам і чалавекам».
 
«Браты і сёстры, пілігрымы. Няхай Прачыстая Дзева Марыя, наша Каралева, дапаможа нам, так, як і нашым продкам у мінулай гісторыі нашай Айчыны, вытрываць у веры, узброіцца надзеяй, дзяліцца любоўю з братамі і сёстрамі. Божа, беражы Беларусь» ― дадаў біскуп. 
 
Напрыканцы святой Імшы біскуп Алег Буткевіч уручыў дыпломы падзякі святарам, якія сёлета адзначылі 35-годдзе з часу свайго пасвячэння, а таксама падзякаваў усім прысутным за супольную малітву.
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч