З 24 па 26 сакавіка ў нашай парафіі адбыліся велікапосныя рэкалекцыі. Праводзіў іх ксёндз Валерый Аброшка, эканом Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
 
Велікапосныя рэкалекцыі ― гэта цыкл казанняў і катэхез, якія праводзіць запрошаны святар. Гэта добрая нагода прысвяціць больш часу разважанням над сваім жыццём і падрыхтавацца да Велікодных святаў.
 
Ксёндз Валерый прапанаваў для разважання тэму малітвы, посту і міласціны як тры ўмовы карыснага перажывання Вялікага посту. А таксама нагадаў пра ўчынкі міласэрнасці для душы і цела бліжняга. Здавалася б, для ўсіх практыкуючых католіках гэта добра вядомыя справы. Але ведаць, яшчэ не азначае рабіць. Таму карысна не толькі тое, што святар прыгадаў гэтыя моманты, але дапамог зразумець, як канкрэтна можна выконваць іх у паўсядзённым жыцці. 
 
У межах трох дзён рэкалекцый святар-рэкалекцыяніст правёў таксама асобныя катэхезы для бацькоў, дзяцей і моладзі. І шмат часу прысвяціў паслузе ў канфесіянале. 
 
Дзякуем ксяндзу Валерыю за яго служэнне, а таксама пробашчу нашай парафіі за клопат пра духоўнае развіццё вернікаў. 
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч