У  нядзелю 2 красавіка вернікі нашай парафіі разам з усім Каталіцкім Касцёлам адзначылі Пальмовую (Вербную) нядзелю. Гэты дзень нагадаў пра ўрачысты ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем.
 
Па традыцыі святая Імша ў 11 гадзін распачалася з асвячэння галінак вербы і працэсіі вакол святыні. 
 
«Гэта дзень, калі Езус радуецца жэсту чалавечай дабрыні. Аднак не надае гэтаму вялікага значэння, бо добра ведае, наколькі зменлівы гэты натоўп. Усяго пяць дзён і тыя ж людзі выкажуць сваю нянавісць да Хрыста», ― адзначыў у гаміліі пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд. 
 
«Той, хто шукае трыумфу ў шуме пальмовага лісця, яшчэ не разумее нічога з каштоўнасцяў, прынесеных Хрыстом. Толькі палец, устаўлены ў рану ад цвіка, дакранае каштоўнасці евангельскай дарогі жыцця. Калі падчас Вялікага тыдня мы знойдзем час на ўдзел у літургіі Вялікага чацвярга, Вялікай пятніцы і Вялікай суботы, то наша сустрэча з увскрослым Хрыстом зможа напоўніць нас радасцю сапраўднай перамогі. Таму няхай кожны з нас знойдзе гэты час», ― заахвоціў святар.
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч