Дарагія парафіяне і госці!
 
Кожны год мы перажываем Вялікдзень па-рознаму, але яго самы глыбокі сэнс, змест і пасланне застаюцца нязменнымі: Хрыстус пакутаваў перад Понціем Пілатам, памёр на крыжы і ўваскрос на трэці дзень. Мы адзначаем гэтае свята кожны год з такой жа верай і пашанай. Свет змяняецца, але Хрыстус і Яго збаўчая справа застаюцца нязменнымі.
 
Жадаю вам і ўсім вашым сем’ям, каб у велікодную раніцу пры пустой магіле Збаўцы вы з надзеяй глядзелі на сваё жыццё і жыццё тых, хто знаходзіцца разам з вамі, каб з надзеяй глядзелі на рэчаіснасць, у якой жыве кожны з нас.
 
Хрыстос Уваскрос і жыве. Толькі ў Ім адным крыніца сілы, якая перамагае ўсялякае зло, што прыходзіць у свет і ў наша жыццё праз д’ябальскую зайздрасць. З Уваскрослым Хрыстом зло, хоць і можа раніць, пазбавіць сілы, ніколі не пераможа тых, хто ўскладае свае надзеі на Збаўцу. 
 
Хрыстос уваскрос і жыве, таму не бойцеся! Ён Пераможца! Без страху, з жывой верай заставайцеся ў супольнасці Касцёла, бо яна напоена жыццём Хрыста. Не бойцеся будаваць сваё сямейнае, асабістае і прафесійнае жыццё на каштоўнасцях, якія прынёс у свет Уваскрослы Збаўца.
 
Хрыстос уваскрос і жыве. Тыя, хто верыць у Яго і давярае Яму, змогуць, як і Пан, праявіць любоў і міласэрнасць. 
Хрыстос уваскрос і жыве. Тыя, хто верыць у гэта, прымуць Яго вучэнне і будуць спажываць Яго Цела і Кроў, разам з Ім паўстануць з мёртвых і будуць жыць вечна.
 
Жывой веры, нязгаснай надзеі і сапраўднай любові  жадаю Вам у гэтыя Святы!
 
Кс. пробашч Станіслаў Мжыглуд SDS