Вечарам Вялікай суботы вернікі нашай парафіі, як і католікі ва ўсім свеце,  сабраліся на Літургію святла.
 
Гэтая святая Імша мае свае асаблівасці: благаслаўленне пасхалу, вялікую колькасць чытанняў, што апісваюць Божую логіку збаўлення людзей; аднаўленне абяцанняў хросту і рэзурэкцыйную працэсію вакол святыні. Гэта ноч, калі ўзгадваем і перажываем падзеі ўваскрасення Пана.
 
"Анёлы задаюць пытанне жанчынам: "Чаму вы тут Яго шукаеце? - адзначыў у гаміліі пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд. - Мае дарагія, гэтае ж пытанне датычыць і нас: дзе мы шукаем Хрыста? Можа, шукаем Яго сярод памерлых, у настальгічных успамінах, у закасцянелых рэлігійных практыках? А вось сёння мы знаходзім ўваскрослага Хрыста ў Божым слове, у сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі. Знойдзем Яго і ў сакрамэнце паяднання, дзе аказвае нам сваю міласэрнасць; а таксама ў выкананні Божых запаведзяў, у падарожных браце і сястры". 
 
Анёл кажа, што апосталы сустрэнуць Хрыста ў Галілеі. Там і мы можам Яго сустрэць. Толькі Галілея - гэта не проста мясцовасць на карце: для вучняў Хрыста, гэта месца, дзе яны упершыню ўбачылі Яго і пайшлі за Ім. Па словах ксяндза Станіслава, "вярнуцца ў Галілею - значыць вярнуцца да пачаткаў, да аднаўлення абяцанняў уласнага хросту". 
 
Тэкст: Святлана Жылевіч 
Фота: Ірына Гайдамовіч