29 красавіка ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў адзначылі 100 гадоў існавання Кангрэгацыі Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі. Гэтую манаскую супольнасць заснаваў благаслаўлёны біскуп Юры Матулевіч для патрэбаў тагачаснай Віленскай дыяцэзіі. А менавіта для навучання і выхавання дзяцей і моладзі ў каталіцкай веры, для пашырэння сакрамэнтальнага жыцця.
 
Паколькі пачатак існавання кангрэгацыі выпаў на вельмі складанае сацыяльна-палітычнае становішча (сусветныя войны, ваяўнічы атэізм), сёстрам давялося перажыць шмат выпрабаванняў. Але менавіта дзякуючы іх служэнню многія вернікі не гублялі надзею і веру. 
 
Сёння сёстры працуюць у Польшчы, Германіі, Літве, Расіі, Казахстане і Беларусі: Браславе, Полацку, Слабодцы, Барысаве і Астраўцы. Працавалі таксама ва Украіне, Латвіі, Казахстане, Грузіі, Таджыкістане, Італіі, Лівіі і на Кубе.
 
Раздзяліць радасць і значнасць падзеі, а таксама ўзначаліць урачыстую святую Імшу прыбыў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Ірерах упершыню наведаў наш санктуарый. Літургію канцэлебравалі таксама Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, Апостальскі адміністратар для вернікаў візатыйскага абраду архімандрыт Сяргей Гаек і шматлікія святары з розных дыяцэзій Беларусі.
 
Апостальскі Нунцый перадаў настаяцельніцы сясцёр эўхарыстак с. Антаніне Багдановіч SJE медаль ад Святога Айца як знак прызнання Каталіцкім Касцёлам іх ахвярнага служэння. 
 
«Дарагія браты і сёстры. Дарагія сёстры. Гэтая асаблівая любоў да Хрыста, прысутнага ў Эўхарыстыі і добры прыклад вашых сясцёр, малітва, праца і ахвярнасць паказваюць вялікую пашану вернікам да Каталіцкага Касцёла і вабяць стаць сапраўднымі вернікамі», ― адзначыў у гаміліі Апостальскі Нунцый.
Іерарх падкрэсліў, што абвешчанае падчас святой Імшы слова Божае дапамагае пранікнуць у таямніцу манаскага паклікання. Святы Павел кажа: «Малю вас я, вязень у Пану, паступаць годна паклікання, якім вы пакліканы, з усёю пакораю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю, церпячы адзін аднаго ў любові, стараючыся захаваць еднасць духа ў саюзе спакою. Адно ёсць цела і адзін дух, як і вы пакліканы ў адной надзеі вашага паклікання. Адзін ёсць Пан, адна вера, адзін хрост, адзін Бог і Айцец усіх, які над усімі і праз усіх, і ва ўсіх. Розныя харызмы для будавання Касцёла. Кожнаму з нас дадзена ласка паводле меры Хрыстовага дару».
«Пад кіраўніцтвам Папы Францішка Касцёл дыхае сінадальным духам, падкрэсліваючы, што Бог кліча нас усіх да прысвячэння нашага жыцця і служэння Касцёлу», ― адзначыў арцыбіскуп Антэ Ёзіч і пажадаў сёстрам і надалей мужна працягваць сваю місіянерскую працу.
 
Пасля святой Імшы сёстры эўхарысткі распавялі прысутным гісторыю кангрэгацыі. 
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч