У нядзелю 21 мая вернікі нашай парафіі перажывалі прыгожае свята Першай святой Камуніі. Трыццаць восем дзетак упершыню прынялі Хрыста ў сваё сэрца. Рыхтавала і навучала іх сястра Кацярына Папакуль SJE.
 
У сваім казанні пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS падкрэсліў, што гэтая падзея з’яўляецца адным з самых важных момантаў у жыцці кожнага хрысціяніна католіка. Цяпер жа выбар застаецца за імі ― што далей зробяць з гэтым дарам. 
 
«Калі  адказваем «Амэн» на словы святара «Цела Хрыста», мы згаджаемся, а значыць верым, што Бог прысутны ў гэтым кавалку хлеба», ― адзначыў святар. (…)― Вашае заданне цяпер (а таксама вашых бацькоў) далей ісці гэтым шляхам, пазнаваць Бога, не спыняцца і не забываць дарогу да святыні». 
 
«Сёння, дарагія дзеці, хачу пажадаць вам толькі аднаго: каб вобраз гэтай падзеі, першага прыняцця святой Камуніі, застаўся з вамі на ўсё вашае жыццё. Каб вы ніколі не забыліся, што вы Божыя дзеці, што Бог любіць вас і чакае кожны дзень», ― дадаў ксёндз Станіслаў.
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч