Сучасныя гербы ў нашым уяўленні звычайна звязваюцца, напрыклад, з гарадамі. Няшмат хто ведае, што біскупы Каталіцкага Касцёла з’яўляюцца аднымі з нямногіх, хто мае гербы, якія афіцыйна прымаюцца падчас біскупскага пасвячэння.
Герб заўсёды абірае сам біскуп. Наогул у гербе змяшчаюцца – такое правіла касцёльнай геральдыкі – сімвал месца паходжання і сімвал месца, да якога біскуп скіраваны. Многія біскупы абіраюць герб з пункту гледжання асабістага густу. Найперш на гербе заўсёды змяшчаецца галоўная думка, якая суправаджае дадзенага біскупа ўжо шмат гадоў у святарскім жыцці. Герб, на якім бачны заклік, які з’яўляецца нібы дэвізам служэння біскупа, - гэта быццам адлюстраванне жыццёвага шляху дадзенага іерарха. Найчасцей ён указвае на тое, што ў сваёй апостальскай дзейнасці гэты біскуп лічыць прыярытэтным.
Сучасныя гербы іерархаў аздабляюцца наступным чынам: за паверхняй герба змяшчаецца залаты крыж, зялёны капялюш у выпадку біскупа і арцыбіскупа, чырвоны – у выпадку кардынала. Прымасы і патрыярхі таксама аздабляюць герб капелюшом зялёнага колеру. З яго унутранай часткі з абодвух бакоў ідзе шнур таго самага колеру, аздоблены фрэнзлямі: 6 – у выпадку біскупа, 10 – арцыбіскупа, 15 – кардынала, прымаса, патрыярха. Дэвіз біскупскага служэння дадзенага іерарха пішацца вялікімі літарамі часцей на лацінскай мове (сустракаюцца таксама надпісы на нацыянальных мовах). Калі іерарх мае палій, ён таксама змяшчаецца ў гербе.
Ксёндз Біскуп Алег Буткевіч сам патлумачыў сэнс свайго герба: 
“Калі ўзяць пад увагу маё паходжанне, а паходжу я з Браслава, то тут увогуле не было пытання, што павінна быць на гербе, – абраз Маці Божай Браслаўскай. Праўда, было пытанне аб размяшчэнні герба горада, але хацелася падкрэсліць больш рэлігійнае вымярэнне гэтай сімволікі. Другі момант – Віцебская дыяцэзія. І ў гэтым выпадку не трэба было шмат выдумваць, бо сам герб Віцебскай вобласці мае глыбокае хрысціянскае значэнне – абраз Езуса Хрыста. Злучыўшы іх разам, я думаю, што атрымаўся добры сімвал нашай дыяцэзіі”
 
Надпіс жа "Fiat voluntas Tua" падкрэслівае тое, што новы біскуп ва ўсім спадзяецца на волю Бога.
па матарыялах
catholic.by