Ужо стала добрай традыцыяй апасля калядных святкаванняў ладзіць у  Браславе спектаклі на рэлігійную тэмытыку. Адбылася такая падзея і сёння, другога лютага, на сцэне раённага Дома культуры.

 
Браслаўчане ўжо добра ведаюць, што паглядзець будзе на што, таму задоўга да спектакля ў зале не было свабодных месцаў, аншлаг. Прыйшлі і паважаныя госці: кс. біскуп Алег Буткевіч, святары браслаўскага касцёла, прадстаўнікі мясцовай улады.
Дзея пачынаецца на панадворку ў нейкай вёсачцы, дзе жывуць дзве жанчыны - Хадора і яе сяброўка. Яны ўвесь час лаюцца, спрачаюцца паміж сабой, нават б'юць адно аднаго, высвятляючы хто з іх лепшы. І вось падчас адной з такіх сварак Хадора страчвае прытомнасць...
Праз нейкі час ачнуўшыся, бачыць, што навокал ўсё іншае. Абстаноўка, колеры, і нават пах гэтага месца насцярожвае. Неўзабаве з'явіліся і гаспадары. Чорныя, ў поўсці, з хвастамі ды капытамі. Як пачалі таньчыць ды прыскокваць! Жанчына спачатку разгубілася, зразумела што на тым свеце, але ж чаму не ў раі? Бо на яе розум яна ўсё жыццё старалася быць бліжэй да Бога. А чэрці ўзрадаваліся, ешчэ адным грэшнікам у іхным пекле стала болей.
Ня доўга радаваліся. Хадора і тут праявіла свае здольнасці да высвятлення адносін, пачала спрачацца з касматымі, пералічвачь іх грахі: хто з іх краў, хто падманваў, нават палкай пабіла некаторых. Патрабавала пазваць іхняга галоўнага, каб паскардзіцца. Чэрці, разумеючы нядобрае, вырашаюць адправіць яе далей са сваіх вачэй - у рай, да Бога, і здзяйсняюць сваю мару.
Хадора ў раі... Сама не разумеючы як сюды трапіла пасля пекла, вельмі ўзрадвалася. Сустрэў яе, як і падабае, св.Пётр. Яна па свойску працягнула здзіўленаму святому руку. Расказала што усё жыццё марыла папасць у рай. На што Пётр адказаў, што спачатку трэба прачытаць кнігу жыцця. Тут з'явіліся анёлы, якія яе і вынеслі, цяжкі таўсценны том. Пётр адкрыў і пачаў чытаць. Аказалася, што ў гэтай кнізе запісаны толькі адны грахі сварлівай жанчыны. Анічога добрага яна за сваё жыццё не зрабіла. Такім не месца ў раі. Таму св.Пётр прапануе ёй вярнуцца зноў на Зямлю, да жывых людзей, выправіць свае паводзіны. А каб было лягчэй, працягвае ёй світак з законамі Божымі, якіх патрэбна прытрымлівацца.
Зноў адбываецца неверагоднае, і гераіня апынаецца на сваім панадворку. Спужаная суседка прыводзіць яе ў прытомнасць, а Хадора  думае, што ўсё што бачыла, гэта быў сон. І толькі аркуш паперы, са словамі з Евангелля ў руцэ, пацвярджаў што ўсё адбывалася на самой справе.
Гэты павучальны спектакль з вялікім задавальненнем быў успрыняты як маленькімі, так і гледачамі ў сталым узросце, таму што ён аб вечным. Таленавітая ігра самадзейных артыстаў, як дарослых, так і дзяцей, выдатная пастаноўка прафесійнага рэжысёра Алены Каспаровіч, цудоўнае музычнае афармленне Іны Сапун, спрыяла гэтаму.
Таму яскравыя словы падзякі ўсяму творчаму калектыву прагучалі з вуснаў кс.біскупа Алега Буткевіча. Ён зазначыў, што і сам калісь выконваў ролю ў падобным спектаклі на гэтай жа сцэне, але з таго часу ўзровень пастановак намнога вырас.
Выходзячы з залы гледачы ўсё яшче працагвалі жыць спектаклем, абмяркоўвалі, усміхаліся, на тварах ззялі усмешкі. Няма сумненняў, што і на наступны год творцы падораць нам не менш захапляльнае відовішча.

Тэкст: Міхаіл Ставіцкі

Фота: Ірына Гайдамовіч