Даволі часта ў жыцці сустракаецца такая сітуацыя, калі муж з'яўляецца няверуючым, а жонка  веруючая. Але як жыць, калі муж насміхаецца з жонкі, з яе веры, а душа імкнецца да Бога? Як паводзіць сябе ў такой сітуацыі? Развадзіцца?!
 
Пісанне заклікае і такі шлюб захоўваць усімі сіламі: «…жонка, якая мае няверуючага мужа, і той згаджаецца жыць з ёю, няхай не пакідае яго, бо няверуючы муж асвячаецца праз жонку, і няверуючая жонка асвячаецца праз мужа; інакш дзеці вашыя былі б нячыстыя, а цяпер яны святыя. Адкуль жа ты ведаеш, жонка, што збавіш мужа? Або ты, муж, адкуль ведаеш, што збавіш жонку?» (1Кар. 7:13-14,16). Таму мэтай такой сям'і з'яўляецца захаванне адзінства, набліжэнне мужа да Бога праз шчырае прабыванне жонкі перад Богам.
Як павінна паступаць веруючая жонка ў адносінах да няверуючага мужа? Верная жонка ў хаце ‒ гэта асаблівае дабраслаўленне для мужа і дзяцей, яна павінна распаўсюджваць у доме святло Божай любові, мудрасці, міру і радасці. Для таго, каб мець поспех у жыцці і прабываць разам у вечнасці з выратаваным мужам, неабходна моцна любіць Бога і мужа, і жадаць збаўлення мужа. Гэта вельмі складаная задача, але для Бога няма нічога немагчымага.
 
Напачатку раскажыце мужу, чаму для вас гэта важна, чаму гэта радасць для вас. Не бойцеся таго, што ваш муж не заўсёды вас разумее і часова адхіляе вашыя каштоўнасці. Пасля трэба проста замаўчаць і маліцца за яго. Пра Хрыста трэба навучыцца казаць і трэба навучыцца маўчаць. Вялікі чалавек ‒ гэта той, які ўмее абвяшчаць Хрыста, калі трэба, і маўчаць, калі трэба. А калі трэба? Тут неабходна разважлівасць, бо без яе нават самыя добрыя памкненні могуць ператварыцца ў нешта бескарыснае, ці нават шкоднае. 
Слухайце больш Бога, чым мужа ў тых выпадках, калі гэта неабходна. Пісанне папярэджвае пра гэта: «Калі б вы былі са свету, ён любіў бы вас, як сваё. А паколькі вы не са свету, бо Я выбраў вас са свету, таму свет ненавідзіць вас» (Ян 15:19). Многія жанчыны баяцца хадзіць у Касцёл, таму што забараняе муж. Не спыняйцеся ў такіх выпадках, а набліжайцеся да Бога, Які можа наблізіць да Сябе і няверуючага мужа. Давярайце больш Богу і Яго ўсемагутнасці. Маліцеся, маліцеся і маліцеся за сябе, за мужа, за дзяцей. «Прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам» (Мц. 7: 7). Малітва ‒ гэта самае важнае звяно жыцця веруючай жонкі, якая мае няверуючага мужа, з дапамогай якога можна развязаць увесь ланцуг сямейных праблем.
 
Умейце слухаць і разумець свайго мужа. Разуменне з'яўляецца важнейшым складальнікам любові. Знаходзьце патрэбны час і адпаведныя абставіны, каб часцей бываць з мужам, цікаўцеся яго справамі, падтрымлівайце і падбадзёрвайце яго, умейце слухаць і натхняць. Пакажыце ўсім сваім стаўленнем, што ў яго няма больш блізкага чалавека, чым вы. Паспрабуйце прааналізаваць асноўныя прычыны вашых рознагалоссяў з мужам і прыкласці ўсе намаганні для выпраўлення сітуацыі. У большасці выпадкаў, мужа не клапоціць тое, што яго жонка веруючая, а тое, што жонка пры гэтым аддаляецца ад яго.
 
Не спрабуйце змяніць свайго мужа. Змяняйце сябе, а змяняць мужа ‒ гэта прывілей Госпада. Пісанне кажа нам: «Так кожны з нас адкажа за сябе перад Богам. Не будзем жа больш судзіць адзін аднаго, але глядзіце лепш, каб не даваць брату прычыны для спатыкнення ці спакусы» (Рым 14:12-13). Памылка некаторых жанчын у тым, што яны з «камсамольскім задорам» пачынаюць навяртаць мужа і робяць гэта вельмі актыўна. Гэта не мае нічога супольнага з каталіцкай верай, бо тут няма ніякай пакоры, бо праз «актыўнае навяртанне», вытрасаючы з яго рашэнне маліцца і хадзіць у касцёл, жанчына ставіць сваю волю вышэй волі Пана Бога.
 
Не настаўляйце, не прапаведвайце, а жывіце тым жыццём, якому хочаце навучыць. Пакажыце сваю веру праз хрысціянскую маральнасць. Прамаўляйце сваім жыццём. Чытайце кожны дзень Божае слова і шчыра маліцеся за свайго мужа і за сябе ад чыстага сэрца; прасіце, каб словы са Святога Пісання паводле першага паслання святога Пятра 3: 1-6 былі ў вашым жыцці рэальнай рэчаіснасцю. «Таксама і вы, жанчыны, падпарадкоўвайцеся сваім мужам, каб тыя з іх, якія непаслухмяныя слову, паводзінамі жанчын былі здабытыя без слова, калі ўбачаць вашыя беззаганныя і богабаязныя паводзіны. Няхай аздобаю вашай будзе не вонкавае заплятанне валасоў, не залатое ўпрыгожанне ці хараство адзення, але ўкрыты чалавек сэрца ў незнішчальнасці лагоднага і рахманага духу, які вельмі каштоўны для Бога. Бо гэтак некалі і святыя жонкі, якія спадзяваліся на Бога, упрыгожвалі сябе, падпарадкоўваючыся сваім мужам. Гэтак Сара была паслухмянай Абрагаму, называючы яго гаспадаром. Вы сталі яе дзецьмі, бо робіце дабро і не баіцеся нічога страшнага» (1Пят. 3: 1-6). 
Тут няма ніводнага слова пра тое, каб вучыць, але гаворыцца пра тое, як жыць. Калі слова Божае кажа пра тое, што «няверуючы муж асвячаецца пра жонку» (1Kаp. 7:14), то маецца на ўвазе яе лад жыцця, яе прысутнасць перад Богам, яе малітвы, любоў, дабрыня, пакора і мудрасць. Трэба не гаварыць, а жыць па-хрысціянску. Трэба абвяшчаць Хрыста справамі, учынкамі, характарам, а не словамі. Пакажыце радасць, прыгажосць і перавагу быць хрысціянкай. 
 
Не шкадуйце самі сябе і не шукайце спачуванняў у тым, што магло б быць інакш. Вы ‒ не адзіныя. Вельмі шмат жонак мелі няверуючых мужоў, але многія з іх ужо прыйшлі да Бога і нарадзіліся для новага жыцця. Нельга трымаць у сэрцы крыўды, боль або гнеў на мужа, трэба любіць мужа і ненавідзець грэх і сатану. Бог паставіў вас у такую сітуацыю, каб вы перамагалі, а не для таго, каб наракалі. Жывіце сённяшнім днём, а не ўчарашнім, майце веру і надзею на будучыню, а не шкадуйце пра мінулае. «Усё рабіце без нараканняў і сумненняў, каб вы сталі бездакорнымі, бязвіннымі і беззаганнымі Божымі дзецьмі сярод ілжывага і падступнага пакалення, у якім вы ззяеце, як светачы ў свеце» (Флп. 2:14, 15).
Не стварайце ўражанняў і не фармуйце ў мужа думкі, што вашыя веруючыя сябры для вас даражэйшыя, чым муж. Калі ўвесь час пакідаць мужа аднаго, даючы перавагу толькі духоўным сустрэчам, ігнаруючы яго і яго сяброў, то акрамя канфліктаў і адчужанасці ніякіх іншых пладоў не будзе. Трэба прасіць мудрасці ў Бога, каб правільна расстаўляць прыярытэты ў служэнні, зыходзячы з таго, як быць добрай жонкай і маці ‒ гэта найважнейшае служэнне. Калі гэтае служэнне не выконваецца або спаўняецца дрэнна, тады ніякае іншае служэнне жонка-хрысціянка не можа выконваць ва ўсёй паўнаце благаслаўлення Божага. Не будзьце настолькі «духоўныя», каб адчужаць свайго мужа, не клапаціцца пра яго і не ўдзяляць ўвагі, не выконваючы з любоўю свае абавязкі жонкі, не знаходзячы новых формаў адносін з мужам. Памятайце, што «дабрадзейная жонка ‒ вянок мужу свайму» (Пр. 12: 4), што «мудрая жонка ўладкуе свой дом» (Пр. 14: 1), і што «жонка ёсць слава мужа» (1 Кар. 11: 7 ).
 
Не параўноўвайце свайго мужа з веруючымі мужамі не на яго карысць. Такое параўнанне будзе толькі зневажаць мужа, адштурхоўваць ад адносін з веруючымі і аддаляць ад Хрыста. Сапраўдная любоў пазбягае параўнання. Мудрая жонка не зневажае, а ўзвышае мужа, прабачае яго слабасці, пакрывае любоўю. «Хто прыкрывае правіну шукае любові; а хто зноў нагадвае пра яе, той праганяе сябра» (Пр. 17: 9). 
 
Пазбягайце непатрэбнага раздражнення, папрокаў, незадаволенасці; пазбягайце напружання, недабразычлівасці, крыўдных слоў. Калі змяняецца жонка, то муж бачыць рэальныя дзеянні Хрыста. Раздражненне, папрокі, незадаволенасць, адсутнасць радасці ў жонкі будуць толькі аддаляць мужа ад Хрыста і сцвярджаць яго ў няверы. «Усякае ліхое слова няхай не выходзіць з вуснаў вашых, але толькі добрае дзеля збудавання, каб прынесла ласку тым, хто слухае. Усякая горыч і раздражненне, гнеў, крык і блюзнерства няхай будуць выдалены ад вас разам з усякай злосцю. Вы ж будзьце адзін да аднаго лагоднымі, міласэрнымі, даруйце адзін аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам» (Эф. 4:29, 31, 32). «Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме» (Выслоўі 25:24). Паказвайце свайму мужу, што вы яго любіце, і кажыце яму пра гэта.
Нагадвайце сабе, што Бог любіць вашага мужа любоўю, якая пераўзыходзіць усе вашыя чаканні. Ведайце, што вашае стаўленне да мужа, нават у самыя лепшыя часы, значна горшае ад адносінаў Госпада, Які памёр за яго і прагне, каб ваш муж дасягнуў вечнага жыцця. Таму не стаўце крыж на сваім мужы, а праявіце ў адносінах да яго ўсё цяпло любові-агапы.
Не чакайце, што ваш муж будзе паводзіць сябе адразу па-хрысціянску, не чакайце імгненнага выніку, майце цярплівасць. Колькі часу трэба трываць? Роўна столькі, каб муж зразумеў розніцу ў вашым жыцці і ўбачыў дзеянне Хрыста. Бачачы дабратворныя змены ў жонцы, ён можа і сам заахвоціцца змяняцца і набліжацца да такога Бога, Які нясе святло свету і дапамагае жонцы змяняцца ў лепшы бок. «Дык не пакідайце вашай адвагі. Якая мае вялікую ўзнагароду.  А цярплівасць патрэбна вам, каб, выконваючы волю Божую, вы атрымалі абяцанае» (Гбр. 10:35, 36).
 
І ўрэшце, ніколі не ўпадайце ў роспач і ніколі не здавайцеся. Гасподзь на вашым баку і тое, што немагчыма чалавеку, магчыма Богу. Радуйцеся таму прыгожаму і добраму, што ў вас ёсць і чаго ніхто адабраць не можа: вера, дар вечнага жыцця, адносіны з Госпадам, з Касцёлам, магчымасць малітваў за мужа і за дзяцей, магчымасць чэрпаць сілы ў Госпада. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, жывіце так, каб «абвяшчаць цноты таго, хто паклікаў вас з цемры ў цудоўнае сваё святло (1Пят. 2: 9). 
 
Усё магчыма веруючай, а калі гэтая веруючая яшчэ і аптымістычная, за ўсё дзякуе Госпаду і пастаянна працуе над сабой, то перамогі могуць перасягнуць ўсе яе чаканні.
 
Сястра Ганна Мізавец SJE,
часопіс «Наша парафія» №1