1 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. Важна адзначыць, што ўсіх дзяцей: незалежна ад іх расы, матэрыяльнага дастатку альбо стану фізічнага ці псіхічнага здароўя. Думаецца, таму да месца прыйдуцца разважанні кс. Уладзіміра Шыдлоўскага SDS пра неабходнае стаўленне ў нашым грамадстве да дзяцей з сіндромам Дауна.
Не аднойчы даводзіцца чуць, як намаўляюць цяжарных жанчын да аборту з прычыны таго, што дзіця можа быць хворае на сіндром Дауна. Працуючы ў Польшчы, меў добры досвед з дзецьмі з гэтай хваробай, бачыў як дзеці нармальна выхоўваюцца ў сем'ях, дзе іх адорваюць бацькоўскай любоўю, дзе яны ходзяць у спецыяльныя школы. Працуючы на парафіі, апекаваўся суполкай міністрантаў, да якой належыў хлопец з гэтай хваробай, які служыў лепш нават за іншых. Вядома, выхаванне не лёгкая справа, але калі маеш кантакт з такім чалавекам, то не можаш яго не любіць. Сустракаючыся з бацькамі, было відаць, што гэта, аднак, з любоўю чаканае дзіця. 
 
Сучасны свет хоча ідэалу, перфекцыі, а хто не спаўняе варункаў, таго забіць? Чаму намаўляюць да забойства? Шмат забітых хворых дзяцей, а часам праз гэта і здаровых. Бо, можа, хворае на Дауна альбо ішую хваробу. Казалі рабіць аборт, а нарадзілася здаровае дзіця ‒ і пра такія сітуацыі не раз чуў. Але адказных няма. Паўстае пытанне: ці гэта справы сатаны, каб будаваць цывілізацыю смерці? Думаю, што так.
 
Падчас навучання ў семінарыі мы наведвалі штомесяц дзяцей непаўнаспраўных інвалідаў у цяжкай ступені, ад якіх адмовіліся бацькі.  Праводзячы час з імі, можна было сказаць, што гэта больш паўнацэныя людзі, можа, не ў фізічным, але ў духоўным сэнсе,  чым мы, бо ведаюць вартасць свайго жыцця, якое карацейшае за нашае. Ёсць у іх любоў, удзячнасць, радасць, шчырасць, кожны любіць сваю маці, дзякуе, што не зрабіла аборт, а дала яму кароткае, але шчаслівае жыццё. Калі жанчына згаджаецца на аборт ‒ гэта не азначае, што не будзе маці, але што будзе маці мёртвага дзіцяці. 
 
Біблія не кажа сцісла наконт абортаў. Тым не менш, ёсць шмат вучэнняў, што ясна паказваюць погляд Бога на гэтую справу. Кніга Ераміі 1:5 кажа нам, што раней, чым Бог утварыў цябе ў чэраве, Ён ведаў цябе, раней, чым ты выйшаў з улоння маці. Псальм 139: 13-16 кажа аб актыўнай ролі Бога ў нашым стварэнні і фарміраванні ва ўлонні. Кніга Зыходу 21: 22-25 кажа, што той, хто забіў ненароджанае дзіця заслугоўвае такога ж пакарання, як той, хто дапусціўся забойства. Усё гэта ясна паказвае на тое, што Бог лічыць зачатае жыццё ва ўлонні маці такім жа чалавекам, як развіты дарослы. Для хрысціян аборт ‒ гэта не права жанчыны да прыняцця рашэння. Гэта справа жыцця і смерці, справа людскога існавання, створаннага па вобразу Божаму.
 
Першым пярэчаннем супраць хрысціянскай пазіцыі пра аборты звычайна ёсць пытанне: «А што рабіць у выпадку згвалтавання або кровазмяшэння?» Як жудасна стаць цяжарнай у выніку згвалтавання альбо кровазмяшэння, але ці забойства дзіцяці ‒ гэта выхад? Два злачынствы не зробяць лепш. Дзіця, якое з'яўляецца вынікам згвалтавання ці кровазмяшэння можа быць аддадзена да адаптавання любячай сям'і, якая не можа мець сваіх дзяцей,  альбо  можа быць выхаванае сваёй маці. Такім чынам, дзіця не павінна быць пакаранае за злыя справы свайго бацькі. 
 
Кожнае жыццё павінна і мае права нарадзіцца.
 
Ксёндз Уладзімір Шыдлоўскі SDS,
часопіс «Наша парафія» №2