31 мая сёлета адзначаецца ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста (менавіта ў чацвер Езус Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі). У гэты дзень у нашай парафіі па традыцыі адбылася працэсія навокал касцёла каля чатырох алтароў, дзе чыталіся ўрыўкі з Евангелля, а затым адбылася ўрачыстая літургія.
У пропаведзі ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS распавёў пра адзін з эўхарыстычных цудаў (калі кансэкраваная гостыя пачынала крываточыць як сапраўдная тканка чалавечага цела) і нагадаў, што ў гісторыі Касцёла даволі шмат падобных прыкладаў, калі Бог нагадвае чалавеку пра тое, што Ён сапраўды жывы ў эўхарыстычным хлебе. А сённяшняе свята ‒ гэта нагода падзякаваць Богу і праславіць Яго за гэты дар. Пробашч таксама прыгадаў словы святога Яна Паўла ІІ, які казаў, што эўхарыстыя з’яўляецца крыніцай і адначасова вяршыняй хрысціянскага жыцця.
 
«Мае дарагія, мы павінны сёння паставіць перад сабой пытанне пра нашыя ўласныя адносіны да Эўхарыстыі: ці жыву ёй, ці калі не магу прыняць Цела Хрыста, я сумую? Ці гэта ўсё мне абыякава? Бо калі чалавек сапраўды жыве Эўхарыстыяй, ён становіцца лепшым, бо жыве з Богам» ‒ падкрэсліў святар.
 
Святкаванне ўрачыстасці Божага Цела было ўведзена ў XII ст. пасля аб’яўленняў благаслаўлёнай Юліяне (1193–1258 гг.), настаяцельніцы кляштара аўгустынак, які знаходзіўся пад Льежам (Бельгія). Благаслаўлёная неаднойчы мела бачанне месячнага дыску з чорнай плямай. Інтэрпрытавалі гэта як знак адсутнасці ў літургічным каляндары дня, прысвечанага ўшанаванню Найсвяцейшага Сакрамэнту. Пасля аб’яўленняў у 1246 г. мясцовым біскупам для дыяцэзіі ў Льежы было ўстаноўлена свята Божага Цела. З цягам часу свята пачало набіраць папулярнасць, і ў 1264 г. папа Урбан IV устанавіў свята Corpus Christi (Божага Цела) ва ўсім Касцёле. У хуткім часе святкаванне пачало суправаджацца правядзеннем працэсій. 
 
Дзякуем усім нашым парафіянам, якія адгукнуліся на просьбу падрыхтаваць алтары да працэсіі. А гэта: удзельнікі катэхез для бацькоў, моладзь і дзеці, члены малітоўных рухаў «Жывы ружанец», «Вешчуны Божай міласэрнасці» і «Маці ў малітве», а таксама сёстры эўхарысткі.
 
Падрыхтавала Святлана Жылевіч
Фота Ірыны Гайдамовіч