31 мая Касцёл перажываў урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. З гэтай нагоды ў Віцебску, як цэнтры дыяцэзіі, у суботу 2 чэрвеня адбылася працэсія па вуліцах горада. Паўдзельнічаць у гэтым набажэнстве пажадалі і вернікі нашай парафіі.
І хоць такая пілігрымка дастаткова цяжкая фізічна (доўгі шлях да Віцебска і назад, працэсія пешшу па самім горадзе), аднак, жадаючых парафіянаў аказалася нават больш, чым месцаў у мікрааўтобусе. З вернікамі ў Віцебск прыехаў таксама пробашч парафіі кс. Станіслаў Мжыглуд SDS, кс. Уладзімір Шыдлоўскі SDS, с. Іна Амельчанка SJE з Браслава і сёстры эўхарысткі з Друі і Слабодкі.
 
Набажэнства распачалося ўрачыстай святой Імшой у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У Імшы прынялі ўдзел святары, сёстры законныя, вернікі як з Віцебска, так і з іншых парафій дыяцэзіі. Біскуп прывітаў усіх вернікаў, асабліва падзякаваў тым, хто прыехаў здалёк. 
 
Затым распачалася сама працэсія з чатырма прыпынкамі для чытання Евангелля. Завяршылася набажэнства каля касцёла Святога Духа, якім апякуюцца ксяндзы сальватарыяне (цяпер ‒ кс. Андрэй Вашчук SDS). Пасля малітвы для вернікаў быў прыгатаваны пасілак. 
 
Падрыхтавала Святлана Жылевіч
Фота Аляксея Жылевіча і Паліны Парфяновіч