У чацвер 7 чэрвеня завершыцца актава ўрачыстасці Божага Цела. Па традыцыі, у гэты дзень пасля Імшаў на 11.00 і 19.00 адбудзецца благаслаўленне дзяцей і асвячэнне кветак.
Традыцыя благаслаўлення дзяцей і пляцення і асвячэння вянкоў з лекавых траваў на завяршэнне актавы ўрачыстасці Божага Цела распаўсюджана не ва ўсіх парафіях Беларусі, а прыйшла да нас з Польшчы. Там дагэтуль захавалася традыцыя вывешваць такія вянкі ў акне, над уваходнымі дзвярамі або за абразом, дзе захоўваюцца ўвесь год, да наступнай актавы Божага Цела. 
 
Букеты з кветак і лекавых траваў з’яўляюцца сімваламі працы. Прыносячы іх у святыню, святар і вернікі просяць Бога захаваць ад знішчэння і ўсялякай іншай шкоды ўсю прыроду, а асабліва сёлетні ўраджай. У благаслаўленні дзяцей святар моліцца аб захаванні ад злога і просіць Бога адарыць іх шматлікімі ласкамі. 
Падрыхтавала Святлана Жылевіч