Менш за месяца застаецца да таго дня, калі з нашай парафіі вырушыць пілігрымка ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе. Распачнецца яна 26 чэрвеня, а вось запісацца неабходна да 17 чэрвеня. Спадзяёмся, што ў шлях вырушаць і вопытныя пілігрымы, аднак нагадаем спіс неабходных рэчаў.
Пілігрымка «Браслаў‒Будслаў» знаходзіцца ў шляху 6 дзён і крочыць крыху больш за 150 кіламетраў праз Ёды, Радзюкі, Мосар, Варапаева, Ваўкалаты.
Адзначым, што пілігрым звычайна рыхтуе два заплечнікі: першы ‒ сумка (чамадан ці вялікі заплечнік), у якую змяшчае асноўныя рэчы і якая выдаецца на начлег, а раніцай адвозіцца на наступнае месца начлегу. А таксама заплечнік з ежай, вадой і іншымі патрэбнымі ў дарозе рэчамі, які носіць пры сабе.
 
Збольшага ў пілігрымку варта ўзяць:
 
1. Зручны абутак
2-3 пары: красоўкі, басаножкі або сандалі, сланцы. Калі адна пара пачне націраць ногі, яе можна будзе замяніць на другую. Не рэкамендуецца браць з сабой новы абутак: ён яшчэ не разношаны, ногі да яго не прывыклі. 
 
2. Галаўны ўбор
Найбольш прыдатны – з палямі, таму што такі галаўны ўбор закрывае не толькі валасы і скуру галавы, але і твар (палі адкідваюць цень). 
 
3. Посуд і ежа
Кубак і лыжка, нож (але яго нельга праносіць у сам санктуарый). Улічваючы паходныя ўмовы, рэкамендуецца браць з сабой небіткі посуд. У нашай пілігрымцы няма палявой кухні, аднак гасцінныя вернікі часта сустракаюць з пасілкам стомленых пілігрымаў. У некаторых парафіях гатуецца паўнавартасны абед. Аднак і з сабой трэба мець што пад’есці. І не забыцца пра пітную ваду.
 
4. Медыкаменты
Эластычны бінт, мазольны пластыр, лекі, звязаныя з індывідуальнымі хваробамі. Ферменты дапамогуць пры пераяданні, актываваны вугаль – пры атручванні. У аптэчцы могуць быць аналгетыкі, спазмалітыкі і сімптаматычныя прэпараты пры прастудзе. Не будуць лішнімі лекі супраць алергіі: звышадчувальныя рэакцыі арганізма могуць быць на што заўгодна і сустракаюцца ўсё часцей. 
 
5. Сонцаахоўны крэм
Крэм абараняе ад сонечнага выпраменьвання. Але неабходна быць пільнымі нават у пахмурныя дні: ультрафіялетавыя прамяні здольны пранікаць нават скрозь аблокі.
 
6. Непрамакальнае адзенне
Дажджавік, вятроўка, воданепранікальная куртка і штаны. Кожны выбірае для сябе найбольш прыдатны варыянт. Часцей за ўсё пілігрымы карыстаюцца дажджавікамі: яны лягчэйшыя і не займаюць шмат месца ў заплечніку.
 
7. Зменнае адзенне і прадметы асабістай гігіены
 
8. Карэмат альбо іншая посцілка, прыдатная для сядзення ці ляжання на адпачынку. А вось палаткі і спальнікі спатрэбяцца толькі тым, хто па жаданні збіраецца начаваць у палатках ці хто ў Будславе будзе заставацца на начлег. У астатнія дні – начлег забяспечваецца па дамах.   
 
9. Малітоўнік, ружанец
 
10. Грошы
Яны спатрэбяцца на вяртанне дадому. Звычайна існуе магчымасць вярнуцца дадому арганізаваным аўтобусам у дзень прыходу пілігрымкі ці на наступны дзень. 
 
А таксама можна будзе набыць спецыяльныя жоўтыя футболкі нашай групы (5 рублёў) і жоўтыя капелюшы (3 рублі).
 
Правілы пілігрыма:
  • Не карыстацца тэлефонам падчас шляху.
  • Пілігрымы да 18 гадоў павінны мець апекуна (хтосьці з дарослых).
  • Не распальваць вогнішчы на прыпынках.
  • Выконваць просьбы кіраўніка пілігрымкі і пільнуючых парадак.
  • Ветліва і ўдзячна адносіцца да дабрадзеяў, якія прымаюць на начлег ці частуюць у дарозе.
  • І, канечне, памятаць, што пілігрымка ‒ гэта не паход, а час духоўных разважанняў, спалучаных з фізічнымі цяжкасцямі і пэўнымі абмежаваннямі. Таму варта загадзя паразважаць над інтэнцыяй, з якой пілігрым будзе крочыць у Будслаў.
 
Падрыхтавала Святлана Жылевіч 
(выкарыстаны матэрыял з grodnensis.by)