Бог размаўляе з намі. З аднымі маўчыць, другім задае пытанні,  а з іншымі размаўляе досыць проста. Ці Бог адкажа мне? ‒ над гэтым пытаннем разважае сястра Ганна Мізавец SJE.
Трэба быць вельмі простым чалавекам, каб пазнаць Хрыста ў Хрысце. Першасвятарам і фарысеям было вельмі цяжка, бо яны прыходзілі да Яго з вялікай мукай, бо з аднаго Боку бясспрэчныя цуды, святасць, прастата, моц, мудрасць ‒ усё, што ёсць святое ў свеце зыходзіла ад Езуса Хрыста. Але з другога боку Ён быў не падобны на Месію, якога чакалі. Можа, павінен быць больш сур’ёзны, больш салідны, апрануты інакш – не ў простым убранні і басанож. Павінен быць падобны да цара. А гэты ў Назарэце выхоўваўся (ці можа быць што добрага з Назарэту?) Шмат узнікала пытанняў. А чаму не ў адпаведныя дні аздараўляе? Чаму нямытымі рукамі ядуць? Яны знаходзіліся ў гэтых муках, сэрца разрывалася на шмат кавалкаў. Нібыта Ён, але не – не Ён. Ну як можа быць ад Бога чалавек, які не захоўвае суботу? І яны прыйшлі да Яго з пытаннем: «Хто Ты?» А Ён адказвае ім пытаннем на пытанне: «Запытаюся і Я ў вас адно, адказвайце Мне (…): хрышчэнне Янава з нябёсаў было, ці ад людзей?» (Мк 11:29-30) Што яму адказалі першасвятары і кніжнікі? (Мк 11:31-33)
Хрыстос адказаў пытаннем на пытанне, бо Яму таксама Ёсць аб чым нас запытаць. Мы шмат пытаем у Бога, размаўляем з Ім. Мы пытаем у Бога: а чаму так шмат зла ў свеце? А чаму гэта здарылася? А што заўтра будзе? Што з маімі памерлымі? А калі Ты прыйдзеш у хвале? Чаму людзі хварэюць? Шмат пытаем у Бога, і гэта добра. Але незаўсёды Бог спяшаецца нам адказаць. Часам Ён кажа: запытаюся цябе і Я: А ты зрабіў аб чым Я цябе прасіў? Калі ты пакаешся ў гэтым сваім граху? Калі памірышся з суседам? Калі пачнеш дзяліцца тым, што маеш? Калі пачнеш пасціць у пятніцу? Калі пачнеш кожную нядзелю хадзіць у касцёл? Чаму ты крыўдзіш сваю сям’ю? Гэта будуць балючыя пытанні, але гэты боль аздараўляе.
Часам Бог увогуле маўчыць у адказ на нашыя пытанні. Прыклад маўчання Хрыста, гэта маўчанне перад Пілатам. Напачатку Езус размаўляў з Пілатам, а пазней замаўчаў і ўжо больш не размаўляў. На некаторыя пытанні Бог не хоча адказваць і не будзе, таму што відавочна, што тыя людзі, якія пытаюцца ў Яго, нявартыя таго, каб Ён з імі гаварыў. Калі Езус вісеў на крыжы, Ён размаўляў, але не з усімі. Паразважайце, з кім размаўляў Езус, паміраючы на крыжы? 
Таму калі мы пытаем, а Бог не адказвае, то можа мы трапілі ў катэгорыю тых людзей, з якімі Бог не размаўляе? Гэтага трэба баяцца. 
Ёсць таксама людзі, якія пытаюцца і хутка атрымліваюць адказ, без доўгіх размоваў. Простаму чалавеку ‒ і просты адказ. (Раббі (што азначае «настаўнік»), дзе жывеш? Ён сказаў ім: Ідзіце і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго ў гэты дзень (Ян 1, 38-39). Ці верыш ты ў Сына Божага? Ён адказаў і сказаў: а хто Ён, Госпадзе, каб мне верыць у Яго? Езус сказаў яму: і бачыў ты Яго, і Ён гаворыць з табою. А ён сказаў: веру, Госпадзе! І пакланіўся Яму (Ян 9:35-38). 
Нячысты чалавек пачынае круціць, тады Бог кажа, а давай і Я запытаю, адкажы мне… і будзе ў нас пытацца. Калі чалавек нячысты, то ён будзе размаўляць, а Бог будзе маўчаць. А калі чалавек з Божай аўчарні, ён мае імя і Бог ведае яго, размаўляе з ім. А іншым адкажа: «Кажу вам, Я не ведаю вас, адкуль вы» (Лк 13: 27), і бедныя гэтыя людзі.
Такім чынам будзем памятаць, што Бог размаўляе з намі. З аднымі маўчыць, другім задае пытанні, а з іншымі размаўляепроста. Амэн.
 
С. Ганна Мізавéц  SJE,
часопіс «Наша парафія» №3