Раніцай 26 чэрвеня пілігрымы з нашай парафіі сабраліся на святую Імшу, каб з малітвай распачаць свой 6-дзённы шлях у Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай.
 
Ад браслаўскай святыні выйшла каля 65 чалавек. Кіраўніком групы з’яўляецца ксёндз Уладзімір Шыдлоўскі SDS, разам з вернікамі крочыць таксама сястра эўхарыстка Іна Амельчанка.
 
Падчас святой Імшы ў гаміліі да прысутных звярнуўся пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS. 
«Дарагія пілігрымы! Сёння, калі распачынаецца чарговая пілігрымка ў Будслаў, ‒ вельмі добры момант для таго, каб словы Езуса Хрыста з сённяшняга Евангелля “Усё, што хачаце, каб вам рабілі людзі, і вы ім рабіце” пачаць практыкаваць у штодзённасць. На вас будуць глядзець розныя людзі, таму вашыя паводзіны, вашыя словы, вашыя добрыя ўчынкі, любоў да іншага чалавека і адносіны паміж сабой будуць мець значэнне не толькі для вас, але з’яўляцца прыкладам наследавання Хрыста», ‒ адзначыў пробашч. 
 
«І другое, пра што Езус сёння кажа: “Уваходзьце праз вузкую браму, бо шырокая брама і прасторны шлях вядзе да згубы, і шмат тых, хто ўваходзіць праз яе. А вузкая брама і вузкі шлях вядуць у жыццё, але няшмат тых, хто знаходзіць яе”. Шлях да неба няпросты. Тэма пілігрымкі ‒ вольнасць. Таму варта прасіць сёння ў Бога патрэбныя сілы і дары, каб дапамагаў нам выбіраць у сваёй свабодзе толькі тое, што вядзе да Бога. І Марыя ў гэтым нам прыклад і дапамога», ‒ дадаў ксёндз Станіслаў.
Перад пачаткам пілігрымкі пробашч акрапіў асвечанай вадой пілігрымаў і паблагаславіў іх у добры шлях.
 
Жадаем нашым пешым пілігрымам багатых духоўных плёнаў ад шляху, а таксама бадзёрасці духу і як мага менш мазалёў! 
 
Тэкст і фота Святланы Жылевіч