З 23 па 25 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў праходзілі Дні моладзі Віцебскай дыяцэзіі. Удзельнічалі ў іх каля 150 маладых чалавек з розных парафій Віцебшчыны, а таксама вернікі з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Арганізатрам сустрэчы з’яўляецца Душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі, і сёлета яна прайшла на тэму «Моладзь ‒ надзея Касцёла і грамадства». Напрацягу трох дзён з моладдзю прабываў і маліўся пастыр дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч, а таксама госць сустрэчы ‒ айцец Даніэль Анж з Францыі, місіянер і прапаведнік Евангелля для моладзі, заснавальнік першай французскай школы малітвы і евангелізацыйнага руху для моладзі «Моладзь — Святло». Манах запомніўся ўдзельнікам цікавымі і змястоўнымі прамовамі на тэму паклікання і сям’і, а таксама пастаяннай усмешкай на твары і бадзёрасцю духа ў свае 85 гадоў. 
У гэтым годзе Дыяцэзіяльныя дні моладзі адзначаліся таксама разнастайнасцю праграмы і максімальнай скіраванасцю на дыялог. Менавіта ў такой форме праходзілі круглыя сталы, была арганізавана размова з айцом Даніэлем Анжам, а таксама існавала пастаянная магчымасць для гутарак з іншымі духоўнымі асобамі. 
А яшчэ асаблівым для нашага горада стала выступленне евангелізацыйнай супольнасці «The Crossway» з Баранавіч. Упершыню падобнае мерапрыемства выйшла за межы парафіяльнай тэрыторыі і адбылося на сцэне кафэ «Пляж», што на беразе возера Дрывяты. 
Па словах удзельнікаў Дзён моладзі, праграма была дастаткова насычанай і разнастайнай, а таму праведзены час можна была выкарыстаць з максімальнай карысцю для пазання сябе, Бога і бліжніх.
Шчыра дзякуем усім парафіянам, якія прынялі на начлег маладых людзей, а таксама тым, хто ахвяраваў гародніну для прыгатавання пасілкаў.
 
Падрыхтавала Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч і Аляксандр Анісько