Сёлетнія ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў прайшлі пад дэвізам «Марыя — Валадарка маладых сэрцаў».
 
18 жніўня галоўную святую Імшу на палявым алтары ўзначаліў біскуп Фрэжюса і Тулона (Францыя) Дамінік Рэ. Імшу канцэлебравалі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз-пралат Францішак Кісель, канцлер Віцебскай дыяцэзіі Віктар Місевіч, а таксама шматлікія святары Віцебскай дыяцэзіі.
 
На Імшы прысутнічаў Пасол Рэспублікі Польшча Артур Міхальскі, прадстаўнікі мясцовай і абласной улады: саветнік старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Даніленка Міхаіл Раманавіч, старшыня Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў Пучынская Ніна Антонаўна, намеснік старшыні Браслаўскага райвыканкама Велічка Вольга Альбертаўна. 
На пачатку літургіі ўсіх прывітаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. «Няхай сённяшняя наша малітва з’яднае Божае благаслаўленне для ўсёй нашай краіны, для нашых сем’яў, людзей, якія знаходзяцца ў цяжкім жыццёвым становішчы, няхай Божая Маці, якая прынесла ў гэты свет Збаўцу, будзе сапраўды нашай Маці» — сказаў біскуп.
 
Падчас гаміліі біскуп Дамінік Рэ, між іншым сказаў: «Здараецца, што Пан Езус стукаецца ў дзверы нашага сэрца. Ён прыходзіць, каб прынесці нам супакой, каб перамяніць нашае жыццё. Як гэта адбываецца тады, калі вы прымаеце хлеб Эўхарыстычны ў свае сэрцы. Калі Пан Езус здольны змяніць хлеб у сваё цела, то Ён здольны і змяніць нас, тых, хто прымае Яго… Ён можа таксама перамяніць нашае жыццё ў жыццё нябеснае. І Як Найсвяцейшая Панна Марыя прыняла Езуса ў сваё цела, Яна аддала сваё жыццё Яму… Мы прымаем у сябе прысутнасць Хлеба Жыцця Хрыста, але і сам Езус запрашае нас ахвяраваць нашае жыццё, як Ён ахвяраваў Сваё жыццё за ўвесь свет… Мы ўдзельнічаем у Целе Касцела, галавой Якога з’яўляецца Сам Хрыстос…Іншы чалавек абмяжоўвае мяне, але і з’яўляецца для мяне шансам …» 
 
Біскуп падзяліўся таксама гісторыямі з уласнага жыцця. На заканчэнне гаміліі біскуп сказаў: «Будзем прасіць у Бога ў гэтыя дні, каб мы маглі адкрыцца на Бога, каб мы маглі ахвяраваць сябе Богу і каб мы маглі праз Марыю паяднацца, каб ісці да Бога і з Богам у нас».
 
На заканчэнне літургіі біскуп Алег Буткевіч прачытаў Акт аддання Віцебскай дыяцэзіі Маці Божай Валадарцы Азёраў. Між іншым прагучалі такія словы: «О Марыя, Маці Браслаўская! Мы, Твае дзеці, хочам аддаць Табе ва ўласнасць нашыя сэрцы, нашу працу і адпачынак, малітвы і надзеі, каб Ты, нашая Маці, магла распараджацца імі, як сваёй праўдзівай уласнасцю…Просім Цябе, о Маці Браслаўская, ахоўвай нас ад няшчасцяў. Дапамажы, каб сужэнствы нашы былі святыя, каб не было ў нас нянавісці, а толькі братняя любоў, каб моладзь наша гарнулася да Бога, а дзеці нашы былі нявіннымі. О Марыя, наша Валадарка, дай ласку святасці для нашых маці, а для нашых бацькаў — ласку трывання ў веры. Дай нам святых пастыраў. Атуляй апекай тых, хто імкнецца ісці за Божым заклікам».
 
Людміла Бурлевіч, фота Ірыны Гайдамовіч