Калі вас штосьці цікавіць ці непакоіць у духоўным жыцці, заўсёды можна спытаць у святароў нашай парафіі. Пытанні можна дасылаць і на адрас рэдакцыі парафіяльнай газеты. Прапануем вам адказы кс. Уладзіміра Шыдлоўскага, змешчаныя ў пятым нумары часопіса «Наша парафія».
Свае лісты з пытаннямі можна дасылаць на электронную пошту Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. альбо пакідаць у спецыяльнай скрыні для пытанняў у канцы касцёла. Можа таксама непасрэдна звяртацца да ксяндза Уладзіміра ці па тэлефоне +375 (29) 577 00 38.
 
Што рабіць з асвечанымі кветкамі, знішчанымі магільнымі крыжамі, непатрэбнымі рэлігій-нымі часопісамі?
Такія рэчы як часопіс, кветкі, магільныя крыжы, кветкі, абразкі (калі яны ўжо не патрэбныя або хочам замяніць на новыя) з мэтай пазбегчы таго, каб яны не валяліся, касцёл дазваляе спаліць. Але памятайце, некаторыя рэлігійныя прадметы, напрыклад, малітоўнік, ружанец, якія-небудзь абразы, могуць мець гістарычную каштоўнасць, звязаную з верай. Таму можна такія рэчы прынесці ў касцёл да святара, які ўпарадкуе іх.
 
Як правільна размясціць хатні алтар?
Перад усім, калі дазваляе хатняе абсталяванне, то павінна гэта быць месца, дзе можам у цішы памаліцца нават тады, калі ўсе жыхары ў хаце. Непажадана, каб алтар знаходзіўся над тэлевізарам. Лепш трымацца традыцыйнага месца для алтара, а менавіта выбраць адзін найбольш годны кут хаты, дзе зможам заўсёды скіраваць малітвы.
 
Калі прапусціць нядзельную святую Імшу, ці можна далей прымаць святую Камунію?
Калі прычына непрысутнасці на нядзельнай святой Імшы з’яўляецца лянота або іншыя непатрэбныя справы, якія можна зрабіць у другі дзень, то нельга прымаць св. Камунію. А калі незалежна ад нашай волі, то можна: напрыклад па прычыне хваробы, трэба ісці да працы, далёка касцёл і няма чым даехаць, адсутнасць касцёла там, дзе знаходзімся ў дадзены момант.
 
Калі спазніўся на святую Імшу, ці можна прыняць св. Камунію? 
Касцёл заахвочвае да таго, каб браць поўны чынны ўдзел у св. Імшы не прапускаючы ні адну з яе частак. Таму лепей не прымаць св. Камунію без належнага малітоўнага прыгатавання, сканцэнтраванасці.
 
Выходзячы з касцёла пасля св. Імшы, ці трэба рабіць знак крыжа асвечанай вадой? 
Канкрэтнага наказу няма. Але калі хто да гэтага чыну прызвычаіўся, то нічога дрэннага ў гэтым няма. Асвечаная вада нам прыпамінае аб прынятым хросце і духоўнай чысціні, да якой мы павінны імкнуцца. Асвечаная вада праз Божае благаслаўленне не падлягае сапсаванасці, таму, робячы ёй знак крыжа, асвячаем сябе і нашае штодзёнае жыццё асцерагаем ад злога.
 
Што рабіць, калі ў нядзелю знаходзішся ў такім населенным пункце, дзе няма касцёла, але ёсць праваслаўная святыня: ісці туды на літургію, ці лепш паслухаць Імшу па радыё? 
Трэба памятаць, што Касцёл Каталіцкі і Праваслаўны ‒ гэта братнія Касцёлы і маюць адны карані і апостальскую правапераемнасць. Азначае гэта, што ўсе сакрамэнты для хрысціяніна годныя як ў каталіцкім касцёле, так і ў праваслаўнай царкве. Таму можна ў такіх сітуацыях пайсці ў праваслуўную царкву. Калі хто кажа, што праваслаўнаму нельга ісці ў каталіцкі касцёл, то гэта не згодна з вучэннем праваслаўя. Апостальская правапераемнасць азначае непрырыўнасць біскупаў (пачаўшы ад апосталаў) законна абраных і кансэкраваных, якія захоўваюць і пераказваюць праўды веры.