1 лістапада Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых. У гэты дзень вернікі дзякуюць Богу за дар святасці і ў адной літургічнай цэлебрацыі аддаюць пашану ўсім святым — як вядомым, так і невядомым, — якія дасягнулі вечнай хвалы і прабываюць з Богам у небе. Удзел у літургіі гэтага дня абавязковы для кожнага католіка.
 
Наступны дзень, 2 лістапада, прысвечаны ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў. Згодна з традыцыяй, у гэты дзень асаблівым чынам моляцца за памерлых, якія знаходзяцца ў чыстцы.
 
На працягу актавы Успаміну ўсіх памерлых вернікаў, гэта значыць з 1 па 8 лістапада, Касцёл дае магчымасць атрымаць поўны адпуст — поўнае адпушчэнне кары за грахі, — які можна ахвяраваць за памерлых. Для атрымання адпусту неабходна быць у стане асвячальнай ласкі (г. зн. прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання — споведзі), прыняць святую Камунію, памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца і наведаць могілкі. 
 
Усе католікі павінны паклапаціцца пра тое, каб перад святамі прыбраць магілы сваіх родных і блізкіх, а таксама занядбаныя магілы паблізу. Згодна з хрысціянскай традыцыяй недапушчальна прыносіць і спажываць на могілках ежу і спіртныя напоі, а таксама класці іх на магілы. Годным успамінам пра памерлых з’яўляецца запаленая на магіле свечка (або зніч) і кветкі, але перш за ўсё — малітва за супакой душы.
 
У нашай парафіі ружанцовыя набажэнствы і святыя Імшы ў інтэнцыі памерлых з нашых сем’яў будуць праходзіць цэлы месяц лістапад (кожны дзень акрамя нядзелі ў 18.15). Заахвочваем да ўдзелу ў супольнай малітве!
 
Паводле Catholic.by