1 лістапада вернікі нашай парафіі, як і ўсе католікі свету, узгадвалі ўсіх святых, маліліся праз іх заступніцтва і разважалі над рэалізацыяй уласнага паклікання да святасці.
 
Як адзначыў падчас вячэрняй святой Імшы пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд, у Каталіцкім Касцёле афіцыйна прызнаныя святымі і благаслаўлёнымі больш за 40 тысяч чалавек. А ў раі іх, канешне, у мноства разоў больш. Святар нагадаў, што да святасці пакліканы кожны з нас, пра што можна прачытаць і ў Старым, і ў Новым Запавеце. 
 
«Быць святым ‒ гэта перш за ўсё выконваць пакліканне, якім Бог адарыў кожнага з нас, ‒ адзначыў ксёндз Станіслаў. ‒ І мы можам дасягнуць святасці, калі кожны дзень будзем жыць так, як напісана ў сённяшнім Евангеллі пра благаслаўленні. Калі будзем старацца быць пакорнымі, лагоднымі, справядлівымі, калі будзем мець чыстае сэрца, калі будзем міраворцамі ў сваім асяроддзі, калі будзем цярпець пераслед за Хрыста. Дарагія браты і сёстры, радаючыся сёння з хвалы, якой Бог адарыў святых, будзем адначасова прасіць, каб і мы выканалі пакліканне, якое Бог нам даверыў, бо гэта галоўнае заданне і мэта жыцця кожнага з нас».
 
Святлана Жылевіч