Хрыстос не ўспрымаў Сябе Самога як проста Настаўніка які нясе людзям нейкае «Вучэнне». Ён не столькі «вучыць», колькі «збаўляе». І ўсе Яго словы звязаныя з тым, як менавіта гэта падзея збаўлення звязана з таямніцай Яго ўласнага Жыцця.
Калі мы ўважліва прачытаем Евангелле, то ўбачым, што галоўнай тэмай пропаведзі Хрыста зяўляюцца не заклікі да міласэрнасці, да любові або да пакаяння, але Ён сам. Езус сказаў: «Я шлях, і праўда, і жыццё» (Ян 14:6), «Веруйце ў Бога і ў Мяне веруйце» (Ян. 14, 1). «Я святло свету» (Ян. 8, 12). «Я хлеб жыцця» (Ян. 6, 35). «Ніхто не прыходзіць да Айца, як толькі праз Мяне» (Ян. 14. 6); «Даследуйце Пісанні, … яны ж сведчаць пра Мяне» (Ян. 5, 39). Якое месца па старажытных пісаннях абірае Езус для пропаведзі ў сінагозе? – «Дух Госпада Бога на Мне, бо Гасподзь памазаў Мяне звеставаць убогім, паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам…» (Іс. 61, 1).
 
Самае спрэчнае, месца ў Евангеллі гэта: «Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, не варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, не варты Мяне; і хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе следам за Мною, той не варты Мяне» (Мц. 10,37-38). Тут не сказана – «дзеля праўды», ці «дзеля Вечнасці», ці «дзеля Шляху». «Дзеля Мяне».
 
Нават на Апошнім Судзе падзел адбываецца паводле стаўлення людзей да Хрыста, а не толькі ўзроўня выканання імі Закона. «Што Мне зрабілі ...» ‒ Мне, а не Богу. І суддзя ‒ гэта Хрыстус. У адносінах да Яго адбываецца падзел. Ён не кажа: «Вы былі міласэрныя і таму блаславёныя», але: «Я быў галодны, і вы далі Мне есці … напаілі Мяне; … прынялі Мяне…».
 
Для апраўдання на Судзе будзе патрабавацца, ў прыватнасці, не толькі ўнутраны, але і вонкавы, публічны зварот да Езуса. Без гэтай бачнай сувязі з Езусам збаўленне немагчыма: «Кожнага, хто вызнае Мяне перад людзмі, таго вызнаю і Я перад Айцом Маім, Які ёсьць у нябёсах; а хто адрачэцца Мяне перад людзмі, таго адракуся і Я перад Айцом Маім, Які ёсць у нябёсах» (Мц. 10,32-33).
 
Вызнанне Хрыста перад людзьмі можа быць небяспечным. І небяспека будзе пагражаць зусім не за пропаведзь любові ці пакаяння, але за пропаведзь пра Самога Хрыста. «Шчаслівыя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць, і ўсякім словам ліхім не-справядліва зневажаць за Мяне» (Мц. 5,11). «І павядуць вас да правіцеляў і да цароў за Мяне» (Мц 10,18). «І будзеце зненавіджаныя ўсімі за імя Маё» (Мц 10,22). І адваротнае: «хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае…» (Мц 18,5). Тут не сказана «у імя Айца» ці «дзеля Бога», але ў імя Яго. «Дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх» (Мц 18,20). Больш за тое, Збаўца ясна паказвае, што менавіта ў гэтым і складаецца навізна рэлігійнага жыцця, прыўнесеная ім: «Дагэтуль вы нічога не прасілі ў імя Маё; прасіце і атрымаеце, каб радасць вашая была поўная» (Ян. 16,24).
 
І іншы евангельскі верш, у якім звычайна бачаць квінтэсенцыю Евангелля, таксама кажа не столькі пра добрыя адносінах паміж людзьмі, колькі пра неабходнасць прызнання Хрыста: «Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго». Так якая ж першая прыкмета хрысціяніна? ‒ Не, не «мець любоў», а «быць Маім вучнем». Я вас выбраў. Мой Дух на вас. Мая любоў няхай будзе ў вас.
 
Такім чынам, «Гасподзь, цялесна з'явіўшыся людзям, перш за ўсё патрабаваў ад нас пазнання Сябе і гэтаму вучыў, і да гэтага заклікаў; нават больш: дзеля гэтага Ён прыйшоў і для гэтага Ён рабіў усё: «Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе» (Ян. 18, 37). А праўдаю быў Ён сам. І вучні Хрыста ‒ апосталы ‒ у сваёй гаміліі не пераказваюць «вучэнне Хрыста», не пераказваюць Нагорную пропаведзь. Наогул апосталы не ўжываюць традыцыйна-вучнёўскай формулы: «Як навучаў Настаўнік». Апосталы гавораць аб адным: Ён памёр за нашыя грахі і уваскрос, і ў Яго ўваскрэсенні ‒ надзея нашага жыцця. Хрысціяне вераць не ў хрысціянства, а ў Хрыста. Апосталы прапаведуюць не Хрыста які вучыць, а Хрыста Укрыжаванага.
 
Такім чынам, хрысціянства ‒ гэта супольнасць людзей, якія адчулі таямніцу Галгофы. Для Касцёла важная не столькі праўдзівасць пераказу слоў Заснавальніка, колькі Яго жыццё, якое падрабіць немагчыма.
 
С. Ганна Мізавец
(З кнігі протадыякана Андрэя Кураева «Традыцыя. Дагмат. Абрад».)