16 лістапада ва Урачыстасць Маці Божай Міласэрнасці сёстры Эўхарысткі сабраліся ў Браславе, каб падзякаваць Богу за 25 год існавання Беларуска-Літоўскай Дэлегатуры. 
Святкаванне распачалі Адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, пасля быў даклад пра гісторыю Кангрэгацыі Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі. Далей была Святая Імша, якую ўзначаліў Біскуп Віцебскай Дыяцэзіі Алег Буткевіч. У канцэлебры было шмат святароў, з якімі звязана служэнне Сясцёр Эўхарыстак на Беларусі. Маці Генеральная падзякавала настаяцельніцам Дэлегатуры, якія былі раней, а таксама М. Антаніне Багдановіч, якая выконвае служэнне настаяцельніцы цяпер.
 
Пасля Святой Імшы рух “Маці ў малітве” павіншавалі сясцёр з юбілеем, і абяцалі малітвай дапамагаць сёстрам.
 
Кангрэгацыя Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі пачала існаваць 19 марта 1923 года ў Друі. Пераломным момантам у гісторыі Кангрэгацыі было яе раздзяленне ў выніку спецыфічнай сітуацыі, якая склалася пасля змены польска-савецкай мяжы на ўсходняй тэрыторыі. У 1945 годзе з ліку 49 сясцёр супольнасці, 26 выехала ў Польшчу, 23 – засталіся  на тэрыторыі, дзе кіравала савецкая ўлада. У аснове гэтага рашэння была пакладзена свядомасць перспектывы, якая прадбачвалася супольнасцю у змененай палітычнай і рэлігійнай сітуацыі.
 
Паколькі Бог даваў усё больш і больш кандыдатак з розных краінаў, дзе працавалі сёстры, стала неабходным тэрытарыяльны падзел Кангрэгацыі. У 1993 годзе было прынята рашэнне аб арганізацыі Літоўска-беларускай і Расійска – Казахстанскай Дэлегатуры, каб прасцей і якасней весці справы Зграмаджэння.
 
Сёння сёстры спаўняюць сваю паслугу ў Беларусі, Польшчы, Расіі, Літве, Германіі, Казахстане, Украіне.
С.Таццяна Гмыза
фота Аляксей Жылевіч