Напярэдадні Дня маці дабрачынная арганізацыя «Карытас» Браслаўскай парафіі Нараджэння Маці Божай сумесна з Цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі правялі свята для маці.
 
Пакуль мамы абмяркоўвалі паміж сабой праблемы выхавання і развіцця дзяцей, хлопчыкі і дзяўчынкі дэманстравалі свае веды ў гульні «Бітва розумаў». Падзяліўшыся на каманды, яны адказвалі на пытанні вядучай, якія тычыліся розных бакоў жыцця грамадства. Потым усе разам яны адправіліся шукаць скарб. Квэст-гульня прадугледжвала пошук арыенціраў у радыусе 500 м вакол школы і гарадскога стадыёна.
 
Атрымаўшы свае прызы, пераможцы падзяліліся цукеркамі і бананамі з усімі ўдзельнікамі. Дзеці ўручалі мамам самаробныя паштоўкі, прысвячалі ім вершы. Сувенірамі арганізатары мерапрыемства ўзнагародзілі і ўсіх удзельнікаў сустрэчы. Таксама ў хлопчыкаў і дзяўчынак была магчымасць падсілкавацца за агульным сталом.
 
Тамара Пашкевіч