Дзіця наследуе сістэму каштоўнасцяў сваіх бацькоў. Не тое, што яны кажуць, а тое стаўленне да сябе, людзей і свету ў цэлым, якое прысутнічае ў адносінах сям'і. Ён яе проста паўтарае. Вера - гэта агонь, яна перадаецца. Кожны з нас складаецца з цела і душы, таму дзіця мае патрэбу не толькі ў ця-лесным пасілку, але і ў духоўным.
 
Калі бацькі абмяжоўваюцца толькі фізічным сілкаваннем дзіцяці і ігнаруюць духоўнае, ён вырастае «дзіцём цела», бездухоўным рабом сваіх цялесных жаданняў. Ёсць такое выказванне «Калі з дзецьмі не гаварыць пра Бога, то ўсё астатняе жыццё давядзецца гаварыць з Богам пра дзяцей...»
 
З самага нараджэння дзіця вельмі ўражлівае. І ўсё, што яно ўспрымае дзень за днём, становіцца часткай яго асобы, і тады ўжо ніякімі спосабамі гэтыя ўражанні не згладзіш. І гэта таму, што з моманту нараджэння ў ім пачынае фармавацца не толькі цела, але і душа. 
 
Гэтаму ж вучыць і наша вера. У Евангеллі мы чытаем: «Прыносілі да Езуса дзяцей, каб ён дакрануўся да іх. Вучні ж дакаралі іх. А Езус, убачыўшы гэта, абурыўся і сказаў ім: Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае. Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго. І, абдымаючы іх, ускладаў на іх рукі і благаслаўляў» (Мк 10:13-16). Звярнём увагу на тое, што дзяцей да Хрыста не прыводзілі, а прыносілі. Значыць, яны былі зусім малымі і не маглі самастойна хадзіць. Хрыстос вучыў, што рэлігійнае выхаванне трэба пачынаць з самых ранніх гадоў.
 
Кажучы дзецям пра прыгажосць свету, мы гаворым пра тварэнне Божае. Робячы гэта, трэба дадаць толькі адно вялікае слова ў нашыя апавяданні ‒ Бог. І адразу многае зменіцца ў разуменні дзіцяці і ў нашым успрыманні навакольнага свету. Трэба казаць пра тое, што і нас саміх захапляе, таму што такія словы будуць суправаджацца нейкай яркай эмоцый.
 
У дзіцячыя гады фарміруецца маральны свет чалавека. Таму добра паступаюць тыя бацькі, якія з самага ранняга ўзросту прывіваюць сваім дзецям спрадвеку устаноўленыя Касцёлам рэлігійныя звычаі. Напрыклад: калі бацькі благаслаўляюць малога, вучаць самога хрысціцца, бяруць з сабой на святую Імшу, тлумачаць, што ён знаходзіцца ў Касцёле, вучаць як трэба паводзіць сябе ў Касцёле. У гэтым праяўляецца хрысціянскі клопат пра дзіця.
 
Задача бацькоў ‒ развіць у дзіцяці чулае сумленне і навучыць прыслухоўвацца да яго голасу. Трэба рабіць гэта не тэарэтычна і абстрактна, а абапіраючыся на рэлігійную аснову: на веру ў Бога і на наша стаўленне да Яго. У 3-4 гады дзіцяці цалкам даступныя гэтыя ўяўленні, калі яны падаюцца яму ў нагляднай форме, у выглядзе, напрыклад, абраза над ложкам, знака крыжа, самай простай малітвы, блаславеннем і т.п. Чыстая душа дзіцяці звязвае першыя рэлігійныя паняцці з голасам свайго сумлення.
 
Можна толькі здзіўляцца, як лёгка і глыбока прымаюць дзеці веру ў Бога і наколькі дабратворна яна ўплывае на іх. Яна не толькі дапамагае дзіцяці змагацца са сваімі дрэннымі схільнасцямі, але і дапамагае вырашыць шэраг прынцыповых пытанняў, якія іншым шляхам растлумачыць складана: пра дабро і зло, пра ўзнікненне свету, пра мэту жыццяі г.д. Самае ж галоўнае тое, што вера ў Бога ‒ гэта ключ да развіцця ўсіх станоўчых якасцяў у дзіцяці: глыбокай павагі, любові, жалю, сораму, раскаяння і жадання быць лепшым. Кожны з бацькоў можа на вопыце пераканацца, што паняцце пра Бога дае яму ў рукі магутны сродак для выхавання.
 
Пакуль дзіця малое, яно ўспрымае ўсё пераважна праз свае пачуцці. Па меры жа таго, як яно падрастае, трэба развіваць у ім волю. Так як у раннім узросце чалавек жыве пераважна цягамі (інстынктамі) сваіх пачуццяў і жаданняў, то трэба менш за ўсё абцяжарваць дзіця рознымі маралямі і лагічнымі доказамі. У маленькіх дзяцей, калі наогул дарэчы такое ў хрысціянскім кантэксце слова ўжываць ‒ магічнае мысленне. Таму цудоўныя, рэчы і падзеі з Бібліі для іх зразумелыя.
 
Велізарнае выхаваўчае значэнне для дзіцячай свядомасці мае ўяўленне пра Бога, як аб Нябесным Айцы, які любіць і клапоціцца пра нас. Прасцей і лягчэй гаварыць з дзіцем там, дзе ў самога душа раскрытая насустрач Богу, а ў дзіцяці ёсць паняцце «Добрага Айца». Міжвольна дзіця вельмі лёгка ўспрымае ўсё, што звязана з Божым светам і Божым тварэннем.
Не трэба пужаць дзіця ніякімі карамі Божымі. Любоў не можа быць страшнай, не можа палохаць. Бо ўсе мы ведаем, што Бог ‒ гэта Любоў. Але дзіцяці не могуць задаволіць абстрактныя паняцці. Любоў можа быць між асобамі. Можна тлумачыць так: Бог ‒ гэта асоба вельмі незвычайная, унікальная і непаўторная, якая жыве і ў тваім сэрцы, і ў маім. Ён яшчэ і Сябар. Калі табе цікава, хто такі Бог, давай вучыць. А хто такі сябар?...
 
Па меры сталення дзецям неабходна даваць больш адказнасці. Мэта бацькоў ‒ паступова падрыхтаваць дзіця да адказнага дарослага жыцця. Таксама, па меры сталення, дзіцяці трэба даваць больш свабоды ў прыняцці рашэнняў. Але падлетак павінен разумець, што адказнасць за прынятыя ім рашэнні будуць ляжаць на ім, і бацькі не заўсёды будуць ратаваць яго з праблемных сітуацый, у якіх ён апынецца.
 
Але калі бацька, які спрабуе далучыць дзіця да веры, да хрысціянскай культуры, сам не адчуў густу хрысціянскага жыцця, ён не зможа пераканаўча распавесці дзіцяці, навошта гэта трэба. Нават калі ён будзе казаць правільныя словы ‒ гэта не падзейнічае. Таму што ёсць нейкі вербальны пасыл, а ёсць ‒ невербальны, і дзіця, перш за ўсё, счытвае невербальны. Гэта тое, чым мы руйнуем і знішчаем святую душу дзіцяці, кажучы адно, а робячы іншае. Тут, вельмі важны момант шчырасці. Дзеці востра адчуваюць фальш. Пазбягайце яе, а ва ўсім астатнім даверцеся Госпаду. Бо вера ‒ гэта цуд Божы, самы вялікі, які дае радасць і сэнс жыцця. А ўсё астатняе ‒ прыкладваецца.
 
С. Ганна Мізавец SJE,
Часопіс «Наша парафія» №6